Марш недармаедаў у Менску пройдзе па ўзгодненым з уладамі маршруце



“Марш недармаедаў” адбудзецца без удзелу лідараў правацэнтрысцкай кааліцыі. За ўдзел у несанкцыянаваным Маршы недармаедаў у Маладэчне былі асуджаныя да арышту Анатоль Лябедзька, Юрый Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі.

Тым не менш, арышт лідараў ніякім чынам не адаб’ецца на якасці арганізацыі “Маршу недармаедаў”, – кажа намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін:

– Ніякай разгубленасці няма. Мы як працавалі, так і будзем працаваць. Гаворка не ідзе пра тое, праводзіць, ці не праводзіць. Праводзіць. І гэтая сустрэча таксама вельмі важная, гэта важны этап у падрыхтоўцы, бо шмат што будзе залежыць ад таго, ці зможам мы давесці да людзей, да тых, да якіх датычыцца гэта персанальна, інфарацыю пра магчымасць прыняць удзел у санкцыянаванай акцыі.

Як запэўнілі арганізатары “Маршу недармаедаў”, шэсце адбудзецца па ўзгодненым з уладамі маршруце. Гэта дасць магчымасць пазбегнуць правакацый з боку ўладаў і не дапусціць рэпрэсій супраць шараговых удзельнікаў Маршу.

Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя