«Марш недармаедаў» у Пінску (абноўлена)



Акцыя супраць дэкрэту №3 у Пінску прайшла ў форме стыхійнага мітынгу. Там не было шэсця, а таксама імправізаванай трыбуны з выступоўцамі.

Пінчукі ахвотна ішлі на кантакт з прадстаўнікамі СМІ і вельмі эмацыйна распавядалі пра праблемы, якія не вырашае ўлада.

— Я больш чым упэўнены, што тут няма нейкіх палітычных апазіцыянераў, пятых калон, шостых ног і так далей. Тут простыя звычайныя людзі, якія хочуць працаваць і зарабляць у сваёй краіне, каб выходзіла ўтрымліваць сваю сям’ю,плаціць гэтыя вар’яцкія камунальныя, усе гэтыя цэны. Карацей, каб свае выдаткі пакрываць сваім заробкам. Усё вельмі проста.

— Краіна скацілася на самае сацыяльнае дно, так я лічу. Прадпрыемствы закрываюцца, індывідуальныя прадпрымальнікі закрываюцца —  куды мы коцімся далей я не ведаю.

—  Што нам далей рабіць? Як выжываць? Мы проста стаміліся, нам надакучыла выжываць з месяца ў месяц. Калі я вось цяпер куплю сабе са сваёй пенсіі ў 190 рублёў туфлі, дык значыць мне трэба сядзець галоднай. Чаго мне баяцца і што цярпець далей? Я ўжо дацярпелася і дажылася: адпрацааваўшы належны працоўны стаж я атрымала 190 рублёў пенсіі. Памяняць уладу, абсалютна ўсіх, інакш не будзе ніякіх перамен, будзе Дэкрэт №4, №5, №7 і ўсё. 

Блогер з Гомеля Максім Філіповіч пасля спробы затрымання. Трое невядомых ў штацкім спрабавалі зацягнуць яго з плошчы да ўтазакаў, але на дапамогу кінуліся людзі.

Блогер з Гомеля Максім Філіповіч распавядае прысутным падрабязанасці няўдалага затрымання і заклікае міліцыю перасякаць правакацыі.

Людзі авацыямі сустракаюць словы “народных прамоўцаў”.

З пратэстуючымі камунікавалі кіраўнікі Пінскага ГАУС. Папярэдзілі, што мітынг несанкцыянаваны, заклікалі разысціся. Пасля пагадзіліся, што грамадзяне маюць права знаходзіцца на плошчы, размаўляць, але ніякіх шэсцяў і лозунгаў быць не павінна.

Размову з кіраўніцтвам Пінскага ГАУСа пратэстоўцы запісваюць на мабільныя тэлефоны. Кажуць праваахоўнікамі, каб яны былі з народам, бо ўлада мае ўласцівасць зменьвацца, а адказваць прыйдзецца.

Жыхары палескай сталіцы горача абмяркоўваюць сітуацыю ў краіне.

Моладзь турбуе працаўладкаванне і малыя заробкі. Хлопцы не хочуць шукаць годнага заробку ў Расеі, але ў краіне ўлады няздольныя забяспечыць добрых умоў.

Людзі дзеляцца адзін з адным сваімі праблемамі.

Пінчук з дзяржаўным сцягам патлумачыў, што хоча, каб рэальна ўлада вярнулася да грамадзян у форме “саветаў”.

Пенсіянеры кажуць, што турбуюцца за моладзь.

Мітынг скончаны.

***

Онлайн з месца падзей:

14:00

Акцыя пратэсту падыходзіць да завяршэння. Людзі паступова разыходзяцца. Найбольш актыўныя і абураныя працягваюць абмеркаванне цяжкіх умоў жыцця ды прапануюць уладам сыходзіць. Па непацверджанай праваахоўнымі органамі інфармацыі, прайшлі першыя затрыманні – двух актывістаў даставілі ў РАУС. У людзей пачынаюць правяраць дакументы.

Пятро Савіч з Пінска:

Як і ў пачатку акцыі міліцыянты ў некаторых асоб, якія пэўна падаліся ім найбольш актыўнымі, альбо на каго ёсць наводка, правяраюць дакументы або пытаюць: з якой нагоды вы тут прысутнічалі і чаму вы тут знаходзіцеся. Да мяне таксама падышлі і папрасілі пашпарт: я паказаў, сказаў, з якой мэтай быў і на гэтым усё, групу журналістаў адпусцілі. Частка людзей арганізавана пакінула плошчу, каб абараніць і даць магчымасць з’ехаць з Пінска Максіму Філіповічу, якога спрабавалі зацягнуць у аўтазак, і таксама найбольш актыўным даць магчымасць сесці у машыны, ці аўтобусы, і з’ехаць. На плошчы цяпер нікога не засталося міліцыя робіць абход. Рабочыя, якія на працягу усяго мітынгу нешта рабілі ля помніка Леніну, таксама скончылі сваю працу.

13:00

З Пінска паведамляе наш карэспандэнт Пётр Савіч:

— Акцыя праходзіць досыць мірна, не менш за паўтысячы чалавек, шмат хто назірае з бліжэйшых вуліц, з балконаў, з дамоў. Адбылася сутычка: Максіма Філіповіча выхапілі невядомыя людзі ў штацкім, трое моцных хлапцоў пацягнулі яго па асфальце, але натоўп адразу рынуўся на іх і яны збеглі з плошчы ў бок набярэжнай. Некалькі чалавек пачалі пераследаваць і заўважылі, што там стаяць два міліцэйскія аўтазакі. Пасля натоўп зноў згрупіраваўся і выклікалі на размову да сябе правахаоўнікаў. Як высветлілася, на плошчы знаходзіцца старшыня Пінскага ГАУС і ягоныя намеснікі. Яны пачалі тлумачыць, што гэта не т людзі і яны абавязкова будуць разбірацца, але разам з тым яны папрасілі ў натоўп толькі пра адно: каб людзі сатялі на плошчы і размаўлялі, калі хочуць, але нікуды не трэба ісці, бо за гэта будуць наступствы. Таксама адментнасць пінскай акцыі ў тым, што вельмі шмат міліцыянтаў менавіта ў форме, такога не было яшчэ нідзе, а яшчэ да іх і «людзі ў цывільным».  

12:40

Асобы ў цывільным спрабавалі затрымаць блогера з Гомеля Максіма Філіповіча, але падбеглі людзі і яго адбілі. Філіповіч пасля спробы затрымання падышоў да міліцыянтаў у форме, а яны адказалі: „вызывайце 102”.

12:27

Людзі сабраліся, а лідараў пакуль няма. Стаяць і скандуюць: «Лукашэнка, ухадзі!».

Людзі актыўна ідуць на кантакт з журналістамі, выказваюць сваю незадаволенасць.

  12:00

Па інфармацыі нашага карэспандэнта ў Пінску, на плошчы сабралася ўжо больш за 100 чалавек.

— Людзі працягваюць падцягвацца на плошчу. На даль найбольш публічныя месцы перакрытыя, а менавіта ганак гарадскога Дома культуры і прыступкі да помніка Леніна. Таму людзі збіраюцца на ўскрайку плошчы. Пакуль ідуць дускусіі і не яшчэ не гучыць ніякіх лозунгаў. Людзі абмяркоўваюць Дэкрэт, эканамічную і палітычную сітуацыю, выказваюць сваю незадаволенасць. Навокал рабочыя нешта пілуюць і робяць — незразумела што і які рамонты пачаліся нечакана. Што цікава, незадоўга да пачатку акцыі праваахоўнікі падыходзілі і пыталі ў людзей наўпрост, што яны тут робяць, прасілі дакументы, пыталі, з якіх гарадоў гэтыя людзі прыехалі а таксама пыталі працуюць гэтыя людзі ці не.

 

11:00

У Пінску а 12-й гадзіне пачнецца “Марш недармаедаў”. Акцыя супраць Дэкрэта №3 мае адбыцца на цэнтральнай гарадской плошчы.

Старшыня незарэгістраванага Беларускага левага фронту Дзмітрый Кудранок кажа, што пратэст — гэта рэальная магчымасць выказаць пазіцыю і быць пачутым кіраўніком краіны:

— Нам затыкаюць раты, мы не можам праз дэпутатаў, бо гэтыя дэпутаты невядома кім і невядома як абраныя. Таму мы наўпрост звяртаемся да прэзідэнта, за якога ў свой час шмат хто галасаваў. І яны просяць яго, патрабуюць, вырашыць праблемы.

Літаральна напярэдадні “Марша недармаедаў” у Пінску з’явіліся агароджы на плошчы, пры пераходзе на пешаходную вуліцу і на прыступках да Пінскага гарадскога выканкама.

 

Тэлеканал „Белсат” вёў анлайн трансляцыю з Пінска:

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара