Машыну з Лябедзькам, Рымашэўскім, Казловым і Кавальковай затрымалі па дарозе на Берасце



Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі не трапілі на Марш недармаедаў у Берасці.

Палітыкаў затрымлівалі ў Івацэвічах. Не чакаючы пакуль машыну правераць яны пераселі на іншы транспарт і паехалі ў Берасце. Пазней іх зноў спынілі каля Бярозы ды прывезлі ў Бярозаўскі РАУС. Міліцыянты паведамілі, што яны затрыманыя па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства.

І затым іх прывезлі ў Бярозаўскі РАУС, пратрымалі там да канца акцыі ў Берасці. Увесь час за гэтым назіралі людзі ў цывільным на машыне з менскімі нумарамі.

Пратаколаў не складалі, кажа Віталь Рымашэўскі:

– У РАУСе следчыя адну літару набіралі на камп’ютары ў хвіліну. Яны нібыта нас апытвалі, відавочна толькі для таго, каб мы не даехалі да акцыі пратэсту ў Берасці.

У Бярозе да міліцыі падтрымаць Анатоля Лябедзьку і Віталя Рымашэўскага прыйшлі праваабаронцы і актыўныя грамадзяне:

– Гэтых людзей забрала бярозаўская міліцыя. Мы прыехалі сюды, каб падтрымаць іх, каб іх выпусцілі.

– Чые інтарэсы бароніць міліцыя? Абараняе інтарэсы ўлады, а не людзей.

– Я таксама не згодны з супрацьпраўнымі дзеяннямі нашай міліцыі, таму прыехаў сюды, каб падтрымаць.

Нягледзячы на тое, што палітыкі не даехалі да Берасця, больш паўтары тысячы чалавек выйшлі на акцыю. Паводле Анатоля Лябедзькі, шматлюднасць акцыі паказвае, што рэгіёны прачнуліся і гэта напужала ўладу.

***

Машыну з лідарам АГП Анатолем Лябедзькам, у якой таксама ехалі Віталь Рымашэўскі, Мікалай Казлоў і Вольга Кавалькова, затрымалі сёння раніцай каля Івацэвічаў. Яны ехалі ў Берасце на планаваны «Марш недармаедаў».

Лідар АГП Анатоль Лябедзька прайшоў ужо каля кіламетра. У руцэ ён трымае смартфон і распавядае пра падарожжа. «Пры такіх страхах улада доўга не працягне», — кажа ён.

– Добры дзень, Беларусь! Вось так зараз пешшу іду ў Берасце на марш недармаедаў. Пасля таго як нас затрымалі, заблакавалі, спрабавалі адвезці ў мясцовы РАУС. Мы адмовіліся. Тым не менш спроба падсесці да некага іншага ў машыну таксама нічым не закончылася. Машыны не спыняюцца. Нягледзячы на патрабаванні даць нейкія тлумачэнні дзеянняў, абсалютна незаконных і незразумелых, я ўсё ж такі прыняў рашэнне, і вось зараз пакідаю гэтае месца, яно ўжо далёка за маёй спіной, амаль з кіламетр я ўжо адыйшоў.

Як мы ўжо паведамлялі раней, а дванаццатай  гадзіне ў Берасці запланавана трэцяя па ліку акцыя супраць дэкрэта №3. У сваю чаргу ўладай з адзінаццатай да пятнаццатай гадзіны на плошчы Леніна будзе арганізавана бясплатнае катанне дзяцей і бацькоў на конях, цягніку і электрамабілях.

Беларускае Радыё Рацыя