Мастак распрадае карціны, каб заплаціць штраф



Абавязковае размеркаванне сталася каменем спатыкнення для бясплатнай адукацыі ў краіне. Мастака Яўгена Шадко абавязалі выплаціць да канца года 18 мільёнаў за навучанне ў вучэльні. У адказ мастак распачаў сацыяльную акцыю.

«Пасля Глебаўкі я з’ехаў навучацца ў Польшчу. Ужо там я даведаўся, што мяне аштрафавалі на 18 мільёнаў рублёў з-за адмову ад размеркавання,» — кажа Яўген Шадко.

— Гэты штраф вісеў на мне некалькі гадоў і не турбаваў мяне. Я мог выязджаць за мяжу. На апошніх выбарах я быў назіральнікам у Барысаве, пісаў скаргі. Я засвяціўся і пасля гэтага яны пачалі шукаць, чым можна на мяне ціснуць. Адзінае, што ў іх выйшла, гэта знайсці штраф. Каб сабраць грошы на гэты штраф я вырашыў зрабіць акцыю на Фэйсбуку і апублікаваў пост, дзе выставіў свае карціны на продаж.

«На дадзены момант ужо прыйшло некалькі запытаў з Беларусі і нават Францыі. Дзякуй Богу, дэвальвацыя зменшыла суму штрафу з 7 да 1 тысячы даляраў,» – адзначыў Яўген Шадко. У выпадку нявыплаты штрафу, мастаку пагражае прымусовае апісанне маёмасці і забарона выезду за мяжу.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: makpaper.com