“Матчын рух 328”: Хочам, каб нас пачулі



У Гародні адбыўся ўстаноўчы сход абласнога сацыяльна-асветніцкага грамадскага аб’яднання “Матчын рух 328”. Маці, чые дзеці асуджаныя паводле гэтага артукула  Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Незаконны абарот наркатычных і псіхатропных рэчываў”) аб’ядноўваюцца дзеля абароны правоў сваіх дзяцей, многія з якіх, паводле родных і блізкіх, асуджаныя незаконна.

328_4

Старшыня грамадскага аб’яднання Ларыса Жыгар лічыць, што жорсткія захады супрацоўнікаў праваахоўных і судовых установаў у адносінах да абвінавачаных паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса сталі галоўнай прычынай стварэння арганізацыі:

– Тэрміны сапраўды неймаверныя. 8 гадоў – гэта зараз вялікая рэдкасць. Звычайна даюць 10-18 гадоў! Наша задача зрабіць так, каб нас пачула ўлада.

– Мяне завуць Марына Барысаўна. Мой сын асуджаны на 8 гадоў і 3 месяцы. Мы вырашылі аб’яднацца, каб хоць неяк падтрымаць адзін аднаго. Бо тэрміны вялізныя, нерэальныя. Забойцам і тэрарыстам, мажліва, меней даюць.

– Без такога руху відавочна, што нічога з месца не зрушыцца. Неабходна, каб людзі прыслухаліся і пачалі хоць неяк суперажываць гэтай праблеме.

Сацыяльна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне “Матчын рух 328” мае на мэце таксама ажыццяўленне дзейнасці, накіраванай на садзейнічанне прафілактыкі ўжывання і распаўсюду наркотыкаў, прапаганду здаровага ладу жыцця, а таксама аказанне неабходнай дапамогі асуджаным і іх сем’ям.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня