Мазырскі мітынг: пра дзяцей не падумалі



26 красавіка, пачынаючы з 90-х гадоў, у Мазыры праводзіцца мітынг-рэквіем  у сувязі з чарговымі ўгодкамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Спачатку ладзілі мітынг самі ліквідатары, актывісты дэмакратычных партыі і грамадзянскай супольнасці Мазыра. Аднак катастрофа закранула ўсіх, нягледзячы на пасады ва ўладзе. І Мазырскія кіраўнікі сталі самі арганізоўваць штогод жалобны мітынг-рэквіем. У памяць ахвярам аварыі на ЧАЭС быў ўзведзены мемарыяльны знак “Ахвярам аварыі на ЧАЭС” у скверы насупраць райвыканкама.

Сёлета споўнілася 30 год гэтай самай моцнай тэхнагеннай катастрофы 20-га стагоддзя.

26.04.2016. Мазыр. Мітынг-рэквіемпрысвечаны 30-й гадавіне аварыі на ЧАЭС прайшоў пад дажджом… У працоўны дзень, а 12-й гадзіне дня раённая ўлада сабрала прадстаўнікоў ад прадпрыемстваў і арганізацыі, царкоўных служкаў, дзяцей, ліквідатараў каб аддаць даніну памяці тым, хто сваім жыццём уратаваў жыцці ўсіх нас… Нават дзяцей не пашкадавалі… Нехта з ліквідатараў, ад нечаканасці праявы такога цынізму ўладаў да здароў’я дзяцей, выказваў незадаволенасць… Але ж там былі і бацькі гэтых дзяцей… і яны маўчалі…  А што перашкаджала правесці жалобнае мерапрыемства пад дахам Гарадскога Палаца культуры?

Пасля правядзення афіцыйнага мітынга-рэквіема ліквідатары Мазырскай грамадскай арганізацыі “Дапамога” правялі кольны стол, дзе абмеркавалі і абмяняліся думкамі па праблемах ліквідатараў рэгіёна і краіны ў цэлым. Аднак асноўным пытаннем абмеркавання сталі вось такія адносіны да “пампезнасці” мерапрыемства і прысутнасць, выкарыстанне дзяцей дзеля гэтага мерапрыемства, ахвяруючы іх здароў’ем.

Меркаванні ўдзельнікаў кольнага стала таксама падзяліліся… Адны лічылі гэта абразай для ліквідатараў і паказухай для замежных гасцей, іншыя бачылі ў гэтым урок ахвярнасці, якая больш пасуе да славян (маўляў, нас отправляли на уборку  картошки, капусты, морковки в колхозы и мы убирали урожай в любую погоду и ничего с нами не случилось… наши отцы, деды своими жизнями добыли победу в войне…).

Тым ня менш, была прынятая прапанова звярнуцца да кіраўніцтва райвыканкама, пры неспрыяльных пагодных умовах, праводзіць  мерапрыемства ў памяшканні. Для вырашэння праблемаў ліквідатараў звяртацца ня толькі да ўладаў, але і да журналістаў, каб праблемы былі галосна і адкрыта абмеркаваны грамадзянскай супольнасцю.

Пра Чарнобыль нельга забыць. Ён – побач з намі ўжо 30 год. І невядома калі перастане балець, гэтая, пакуль яшчэ, незагойная рана. Але грамадства ўсё яшчэ паралізаванае страхам  і апатыяй. Супраціў рэдка пакідае сцены кухняў. І гэта ў той сітуацыі, калі дзяржаўная палітыка ў справе ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы пагражае здароўю кожнага з нас! У выніку толькі жменька актывістаў з году ў год спрабуе працягнуць увагу грамадства і міжнароднай супольнасці да чарнобыльскай праблематыкі. Іншыя ціха маўчаць, спадзяюцца перасядзець, перахітрыць, перажыць… Але рэчаіснасьць зноў і зноў падводзіць іх да  думкі, што выхад  ёсць толькі  адзін: барані сябе сам!

Аднак, каб эфектыўна абараняць сябе, жыць годна, трэба спачатку змяніць сістэму гэтай ўлады. Калі ўлада не лічыцца з народам, хавае ад яго праўду, закрывае вочы на тое, што па ўсёй краіне “распаўзаюцца” забруджаныя прадукты харчавання, народ павінен прымусіць уладу паважаць сябе.

Стах Мазырскі, Беларускае Радыё Рацыя