“Медыя Беларусі: выклікі і шанцы”



У Менску завершылася двухдзённая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная заканадаўству ў сферы СМІ, захаванню стандартаў журналістыкі ды эканамічным умовам працы рэдакцый. У ёй узялі ўдзел супрацоўнікі нацыянальных ды рэгіянальных СМІ, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, міністэрстваў і ведамстваў, дэпутаты Нацыянальнага сходу, прадстаўнікі АБСЕ, госці з Азербайджана, Арменіі ды Літвы. Сваімі уражаньнямі дзеліцца рэдактар газеты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч.

– Сёння ўжо не столькі перашкодай з’яўляецца дзяржава, нават праваахоўныя органы, фіскальныя органы. Мы ўступілі з вамі ў рыначныя адносіны. Наш тавар такі ж, як тавар трактарнага завода, аўтамабільнага. Ёсць попыт, значыць, будзем выжываць. Няма попыту, не можам прадаць газету, тэле- ці радыёперадачы, -застаемся  з носам. Таму трэба шукаць ідэі ў суседніх краінах і ў далёкім замежжы, трэба вывучаць і выкарыстоўваць і іх досьвед. Хто выжыве, той выжыве!

“Свабода медыя можа быць толькі на падставе эканомікі,” – гэта думка праходзіла, бадай, праз кожны выступ прамоўцаў. Тым часам, медыйны рынак краіны за апошнія два гады скараціўся на 40 %.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * *

Грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў” сумесна са шведскім медыяінстытутам Fojo ладзіць канферэнцыю з удзелам беларускіх журналістаў, парламентарыяў Ганны Канапацкай і Алены Анісім, прадстаўніка АБСЕ і замежных журналістаў.

У канферэнцыі прымаюць удзел журналісты з Літвы, Азербайджана, Арменіі, Малдовы, Украіны ды Расеі.

Па словах прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Айдара Батагарава, офіс АБСЕ працуе ў цеснай супрацы з ГА “БАЖ”, адной з найбольш прафесійных і рэспектабельных арганізацый у сферы абароны правоў журналістаў.

– Мы праводзім маніторынг сітуацыі свабоды СМІ і журналісцкай дзейнасці, бяспекі журналістаў. І, канешне, у гэтым плане БАЖ праводзіць вельмі вялікую працу. Іх маніторынг служыць добрым прыкладам таго, дзе можна паглядзець экспертную альтэрнатыўную ацэнку таго, што адбываецца ў краіне.

Паводле старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца, у мінулым годзе рэпрэсій у дачыненні да журналістаў стала менш, але медыйнае заканадаўства ў Беларусі застаецца, магчыма, самым жорсткім у рэгіёне. Існуюць і іншыя выклікі.

– Эканамічныя выклікі звязаны як з агульнаэканамічным крызісам, так і са зменамі медыяспажывання чытачоў і гледачоў, пераход у інтэрнэт, які пакуль што не вельмі манетызуецца. І новыя праблемы, звязаныя з развіццём інтэрнэту. Сёння расплываецца само значэнне слова журналістыка і з’яўляюцца прадукты, якія маюць вельмі ўскосныя дачыненні да журналістыкі, хоць карыстаюцца тым жа інструментам.  

У межах канферэнцыі была арганізаваная творчая сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі Святланай Алексіевіч. Канферэнцыя праходзіць у менскім гатэлі “Еўропа”. 14 лютага на ёй выступяць беларускія эксперты, якія закрануць пытанні эканамічных умоваў дзейнасці СМІ ў Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя