Менскага актывіста выклікае гомельская міліцыя



Невядомы, назваўшыся супрацоўнікам крымінальнага вышуку Жураўлёвым Цэнтральнага РАУС Гомеля, 8 сакавіка па тэлефоне спрабаваў выклікаць у міліцыю для апытання актывіста Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Паўла Катаржэўскага.

Актывіст жыве ў Менску і прыехаў у Гомель для ўдзелу ў круглым стале, прысвечаным дэкрэту прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і звязанай з ім эксплуатацыяй жаночай працы. Мерапрыемства ў Гомелі праводзіла партыя „Справядлівы свет”.

„Я адказаў міліцыянеру, які тэлефанаваў, што без позвы да яго не прыйду. Хацеў даведацца, з якой нагоды мяне выклікаюць і ў якасці каго, але адказу не дамогся. Кажа — па адміністрацыйнай справе. Тады чаму крымінальны вышук займаецца гэтым?” — заявіў  Катаржэўскі.

8 сакавіка ў відэадамафон кватэры, дзе жывуць у Гомелі бацькі актывіста, патэлефанаваў незнаёмы чалавек у цывільным адзенні, які спрабаваў паказваць нейкі дакумент у камеру. Дзверы яму не адчынілі, але пазней бацькі Катаржэўскага знайшлі ў паштовай скрыні позву. Там адзначана, што актывіст мусіць з’явіцца ў міліцыю для апытання, але не пазначана, па якой справе і ў якасці каго.

„У мяне адзіная думка: цікавасць да мяне праяўляюць у сувязі з маёй актыўнасцю. 17 лютага я быў на” Маршы раззлаваных беларусаў” у Мінску, збіраў подпісы, напісаў артыкул пра дэкрэт № 3, выступаў на круглым стале ў Гомелі з нагоды 8 сакавіка, казаў пра тое, наколькі дэкрэт узмацняе эксплуатацыю жаночай працы”, — сказаў Катаржэўскі.

БелаПАН