Мэр Горлаўкі заклікаў украінцаў вярнуцца ў СССР



На папулярным відэахосцінгу YouTube з’явіўся зварот мэра данбаскага горада Горлаўка. Мэр трэцяга па насельніцтву горада непрызнанай ДНР раскрытыкаваў праект “Наваросія” і загадаў усім украінцам неадкладна вярнуцца ў СССР.

Зварот мэра Горлаўкі Станіслава Кіма з’явілася на YouTube-канале мэрыі, і таму яго можна лічыць афіцыйным відэадакументам.

Станіслаў Кім мяркуе, што ўсе цяперашнія праблемы Расеі прыдуманыя яшчэ Карлам Марксам і Львом Троцкім. Мэта цяперашняй вайны на ўсходзе Украіны, паводле мэра Горлаўкі, – зачыстка  тэрыторый Данбаса ад карэннага насельніцтва. Прычынай вайны Станіслаў Кім бачыць жаданне палякаў, немцаў і венграў захапіць частку Украіны, а насельніцтва захопленых тэрыторый прымусіць захапіць Данецкую вобласць.

Напрыканцы зварота Станіслаў Кім прадэманстраваў “Указ прэзідэнта СССР”, падпісаны сёлета, 3 сакавіка, у Крамлі. Згодна гэтага ўказу, „прэзідэнт СССР” прызначыў яго, Станіслава Кіма, Вярхоўным глаўнакамандуючым УССР. Самаагалошаны Вярхоўны глаўнакамандуючы загадаў украінцам неадкладна прысягнуць СССР і ўзняць на сваіх штабах чырвоныя сцягі.

Станіслаў Кім быў прызначаны мэрам Горлаўкі ў лютым 2016 года. У кіраўніцтве непрызнанай ДНР горлаўскага мэра характэрызуюць як дасведчанага і разумнага дзяржаўнага дзеяча.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя