Мікалай Аўтуховіч абскардзіў адмову ў рэгістрацыі



Старшыня аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб`яднання “Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва “Салідарнасць” Мікалай Аўтуховіч распавёў, чаму яны вырашылі змагацца за рэгістрацыю і надалей.

Мікалай Аўтуховіч

Нагадаем, што Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва «Салідарнасць». Пасля гэта быў праведзены другі з’езд, а ўчора ў Вярхоўны суд была пададзена скарга на першую адмову.

Мікалай Аўтуховіч: Так, першае рашэнне Мінюста абскардзілі і ў той жа час падалі туды другі раз дакументы на рэгістрацыю. Абскарджваць трэба было, каб паказаць усю абсурднасць сітуацыі. Нам маглі даць месяц на выпраўленне дробных памылак і пасля гэтага зарэгістраваць. Але ж гэтага не адбылося. Знайшлі памылкі, прамаўчалі, а пасля адмовілі. 

РР: Што думаеце наконт перспектыў зарэгістравацца з другой спробы?

Мікалай Аўтуховіч: Зараз мы зрабілі ўсё так, як сказаў Мінюст. А рэакцыю пабачым. Паглядзім, што яны на гэты раз прыдумаюць, каб нам адмовіць. Але, паўтаруся, усё было зроблена па інструкцыях Мінюста. Правялі яшчэ раз з’езд, на яго нават прыйшлі “шпіёны”, якія, напэўна, сачылі за тым, ці ёсць кворум. Але мы ад закона не адыходзілі ні на крок.

РР: Чаму ваша арганізацыя, на думку ўладаў, небяспечная?

Мікалай Аўтуховіч: Таму што маўчаць не будзем. І мне вельмі не спадабалася, калі ў свой час асобныя прадпрымальніцкія структуры збівалі пратэстныя настроі прадстаўнікоў малога бізнеса. Я бачыў, што гэта рабілася наўмысна. Калі б усіх прадпрымальнікаў магчыма было аб’яднаць, і яны б сказалаі сваё важкае слова, іх праблемы вырашыліся б значна хутчэй. А так маюць тое, што маюць. Як заціскалі прадпрымальнікаў, так і зауціскаюць. А значыць вынік той працы быў – практычна нулявым.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя