Чарнавус-малодшы знаходзіцца ў бальніцы пад аховай (абноўлена)



Актывіст Мікалай Чарнавус (малодшы) знаходзіцца ў гарадской бальніцы пад аховай міліцыі. Яго бацька Мікалай Чарнавус (старэйшы) адзначыў негуманныя адносіны медыкаў, у прыватнасці старога лекара, да Мікалая. Спатрэбіўся скандал, каб апрануць сына, якога  распранулі дагала, рыхтуючы ў рэанімацыю, кажа Чарнавус (старэйшы):

– Паклалі яго ў рэанімацыю, цалкам распранулі, сказалі забраць дадому адзенне. Прыйшоў дадому, патэлефанаваў, каб даведацца, як ён сябе адчувае. А мне адказваюць, што Міколы ў рэанімацыі няма. Яго вярнулі ў прыёмны пакой. Што ж вы робіце, ён жа без адзення?! Я кінуўся ў бальніцу.

Міліцыя ў адносінах да хворага, калі заўважыла, што той чытае кнігу, ўжывала нецэнзурную лаянку. Паводле Міколы Чарнавуса (старэйшага), незакончаны 15 сакавіка суд па справе збору подпісаў супраць дэкрэта №3 ля падатковай інспекцыі працягнецца 20 сакавіка.

* * * 

Баранавіцкі актывіст кампаніі супраць дэкрэта №3 Мікалай Чарнавус (малодшы) пакараны судом Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за арганізацыю і ўдзел у Народным сходзе 26 лютага ў Баранавічах. Штрафамі ў 15 і 20 базавых пакараны ўдзельнікі сходу Барыс Шарэнга і Міхаіл Стрэльчык.  Стрэльчык пакараны завочна. Другі судовы працэс адкладзены. Чарнавусу малодшаму стала дрэнна, кажа праваабаронца Сяргей Гоўша:

– Чарнавусу-малодшаму стала вельмі дрэнна, ён пабялеў. Выклікалі хуткую дапамогу. Яго забралі ў бальніцу. Мы ўсе выйшлі на вуліцу. Да Чарнавуса-старэйшага падбеглі нейкія людзі ў цывільным. Схапілі яго, запіхнулі ў машчну і вельмі хутка з’ехалі.

Міколу Чарнавуса (старэйшага), як аказалася, выкралі міліцыянты Баранавіцкага ГАУС. Яны завезлі Чарнавуса для “гутаркі”, як высветлілася пазней. Праваабаронца Гоўша лічыць такія бандыцкія дзеянні міліцыі недапушчальнымі. Тым больш у адносінах да Чарнавуса – інваліда 2 групы. Гоўша напісаў наконт гэтага інцыдэнту заяву ў пракуратуру. Тэлефон Чарнавуса да гэтага часу недаступны.

Чарнавус (малодшы) знаходзіцца ў бальніцы пад аховай.

Беларускае Радыё Рацыя