Мікалая Чарнавуса аштрафавалі за «ілжывае паведамленне»



Грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус (старэйшы) з Баранавіч пакараны 10 базавымі велічынямі за заведама ілжывы выклік міліцыі.

Хоць Чарнавус не выклікаў міліцыі ў гарадскі выканаўчы камітэт, каб засведчыць адзначэнне дня народзінаў у працоўны час работнікамі райвыканкама. Ён паведаміў пра тое, што не змог дамовіцца наконт залы для правядзення народнага сходу, як таго запатрабаваў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку гарадскога аддзялення міліцыі. Старшыні на месцы не аказалася, іншыя дзверы кабінетаў былі замкнёныя.  Толькі ў адным чуўся гоман і смех, звон бакалаў і віншаванні з днём народзінаў супрацоўніцы.

Міліцыя нібыта адрэагавала на словы. Як стала вядома на судзе, супрацоўнікі гарвыканкама для сябе прайшлі ўнутраны кантроль на наяўнасць алкаголю, а затым паехалі праз дзве з паловай гадзіны ў бальніцу для доказу сваёй цвярозасці, але не ўсе. Кажа прысутны на судзе сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў:

– Гэта кругавая парука: міліцыя, пракуратура, суд, райвыканкам. Кіруе міліцыяй непасрэдна райвыканкам. Супрацоўнікі міліцыі супраць супрацоўнікаў райвыканкама – ніхто. Усё, што адбываецца ў судзе, – гэта сапраўдны цырк. Чарнавус вядомы не толькі ў Баранавічах, а ўвогуле на Берасцейшчыне сваёй актыўнай пазіцыяй і непрымірымым змаганнем з чыноўнікамі. І зараз у іх з’явілася магчымасць задавіць яго. У яго доме праходзіць вобшук. І ў Чарнавуса-малодшага таксама быў вобшук, хоць ён не мае дачынення да гэтай справы.

Аляксандр Кабанаў лічыць працэс ціскам на сям’ю Чарнавусаў. Судзяць адначасова і Міколу (малодшага Чарнавуса) за непадпарадкаванне міліцыі ў час вобшуку ў яго кватэры ў сувязі са справай бацькі.

Па словах Кабанава, такую сітуацыю немажліва нават уявіць у прававой дзяржаве, дзе чыноўнік для грамадзяніна, а не грамадзянін для чыноўніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Баранавічы