Мікалая Чарнавуса выклікалі ў Баранавіцкі ГАУС



Улады баяцца баранавіцкага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса за яго актыўную грамадзянскую пазіцыю падчас страйкаў прадпрымальнікаў. Баранавіцкая міліцыя выклікала Чарнавуса ў аддзел, каб папярэдзіць пра адміністрацыйную, або нават крымінальную, адказнасць за заклікі да прадпрымальнікаў прыняць удзел у мітынгу, які планаваўся ў Менску 15-га лютага.

Кажа Мікалай Чарнавус:

– Падпісаў нейкую паперу, затым яшчэ дзве. „Мікалай Дзмітрыевіч, не заклікайце, таму што возмем матэрыял з сайтаў і прыцягнем да адказнасці”. Два гады таму я такое ж самае падпісваў. Сёння да гэтага не трэба заклікаць, бо такое жыццё, што самі вырашаць ісці.

Паводле Мікалая Чарнавуса, баранавіцкія прадпрымальнікі збіраюцца ехаць на мітынг у Менск на Кастрычніцкую плошчу. Прадпрымальнікі патрабуюць скасавання абмежавальных мераў для дробнага бізнесу.

Беларускае Радыё Рацыя