Мікалая Дзядка асудзілі за Дзень Волі на 10 сутак



Суд Партызанскага раёна Менска арыштаваў на 10 сутак былога палітвязня Мікалая Дзядка, які быў затрыманы і збіты 25 сакавіка на акцыі з нагоды Дня Волі.

Згодна з матэрыяламі справы, Дзядка затрымалі прыкладна ў 15.30 у раёне вуліцы Казлова. Ён, паводле слоў супрацоўнікаў АМАПа, браў актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі: ішоў з вялікай групай асоб, выкрыкваў лозунгі, а таксама супраціўляўся пры затрыманні — упіраўся нагамі, чапляўся за форменнае абмундзіраванне і не хацеў ісці ў машыну міліцыі.

Паказанні супраць Дзядка далі амапаўцы Сяргей Пілейка і Сяргей Савянок.

Дзядок прызнаў, што ўдзельнічаў у акцыі, але сцвярджае, што яго затрымалі іншыя людзі і адбылося гэта ў раёне вуліцы Броўкі каля 13.30. „Дарогу нам перагарадзілі сінія бусы, з іх вылецела каля 20 байцоў. Большасць была ў цывільным. Яны нічога не патлумачылі, проста скруцілі нас і пацягнулі ў машыны. Там мяне некалькі разоў ударылі ў галаву. Потым нас перасадзілі ў аўтазак і павезлі ў Партызанскае РУУС”, — сказаў ён.

У аддзяленні міліцыі затрыманых, паводле слоў Дзядка, пратрымалі амаль да паўночы, а потым адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. „Там доктар, якая праводзіла медагляд, засведчыла, што ў мяне ўдары — на галаве, пад вокам. У мяне кружылася галава, адчуваў млоснасць. Урач выклікала брыгаду хуткай дапамогі. У гадзіну ночы мяне даставілі ў бальніцу. Там паставілі дыягназ „страсенне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, гематома на галаве і пад вокам”, — заявіў Дзядок.

З ночы 26 сакавіка да суда ён знаходзіўся ў бальніцы. Увесь гэты час у яго палаце кругласутачна дзяжурыў канвой.

„Сёння мяне выпісалі з бальніцы і павезлі ў суд, — сказаў актывіст. — Каля будынка суда з’явіўся чалавек у цывільным — гэта нейкі начальнік Партызанскага РУУС — і сказаў міліцыянерам паўторна афармляць маё затрыманне. Па законе мяне маглі пратрымаць не больш як 72 гадзіны, гэты тэрмін скончыўся яшчэ ўчора, таму яны прыдумалі такі ход, каб адлік адміністрацыйнага арышту пачынаўся з дня суда, а не з дня майго фактычнага затрымання”.

Дзядок і яго адвакат звярнулі ўвагу на відавочныя супярэчнасці ў словах сведак. Пілейка заявіў, што абвінавачванага разам з іншымі затрыманымі павезлі ў РУУС адразу ў аўтазаку, а яго напарнік Савянок адзначыў, што ў зялёным аўтобусе ў міліцыю вазілі аднаго Дзядка. Што менавіта выкрыкваў удзельнік акцыі, яны не памятаюць.

Супрацоўнікі АМАПа адмовіліся патлумачыць, адкуль у Дзядка пасля затрымання з’явіліся сур’ёзныя траўмы, заявіўшы, што яны яго не білі, а прымянілі сілу, толькі калі той супраціўляўся, — заламалі за спіну рукі.

Па факце збівання Дзядок мае намер звярнуцца ў праваахоўныя органы, да яго ў бальніцу ўжо прыходзіў следчы.

Суддзя Іван Неўмяржыцкі прызнаў Дзядка вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Тэрмін вылічаецца з 29 сакавіка, а не з дня фактычнага затрымання 25 сакавіка. Больш за шэсць гадзін у аддзяленні міліцыі, дзве гадзіны ў камеры ЦІП на Акрэсціна і тры дні ў бальніцы пад канвоем суд адмовіўся залічыць у кошт прызначанага тэрміну. Па гэтым факце Дзядок і яго абаронца таксама будуць падаваць скаргі.

belapan.by