Мікалаю Чарнавусу – 65!



Вядомаму барацьбіту за праўду Мікалаю Чарнавусу з Баранавіч споўнілася 65 гадоў. Усё сваё жыццё спадар Мікола быў праўдалюбам. Не пакрывіў душой і сумленнем ніколі: ні калі служыў у флоце і лёс ставіў выпрабаванні, ні потым, калі стаў шэф-поварам на грамадзянцы. І нават калі стаў  прадпрымальнікам, то не змяніў адносінаў да жыцця, кажа сын Чарнавуса – таксама Мікалай:

– Ці цяжка мець такога бацьку-праўдалюба? Мабыць, не. І нават хутчэй за ўсё – не. Мне часта гавораць, што праз бацьку ў мяне будуць праблемы. Але ж калі мой бацька лічыць, што трэба рабіць так, значыць ён разумны чалавек. І я думаю, што кожны сын павінен ісці па слядах сваіх бацькоў.

Мікола Чарнавус праграму жыцця выканаў: ён збудаваў прыгожы дом, пасадзіў сад, выгадаваў двух сыноў, дачакаўся чатырох унукаў. І ўжо 12 гадоў перамагае цяжкую хваробу, якая не замінае яму быць у віры грамадскага жыцця. Светлага вам далейшага лёсу!

Беларускае Радыё Рацыя