Мікола Чарнавус: На забойцу так не сведчуць у судзе



Журналіст паспрыяў міліцыі даказаць віну грамадскага актывіста. Фотакарэспандэнт баранавіцкай незалежнай газеты “Intex-press” Юрый Піваварчык дапамог міліцыі і Баранавіцкаму суду даказаць, што грамадскі актывіст Мікола Чарнавус праводзіў 28 сакавіка несанкцыянаваны пікет супраць павышэння пенсійнага ўзросту.

Тлумачыць Мікола Чарнавус:

– Расказаў, што Чарнавус пазваніў, што ён атрымаў заданне галоўнага рэдактара, што ён выехаў. Што ён з Чарнавусам вітаўся. Расказаў, што сабой уяўляў плакат, з чаго быў зроблены, якімі фарбамі размаляваны, як ён фатаграфаваў, з якіх пазіцый фатаграфаваў. Ён расклаў усе фотаздымкі, там іх дзясяткі, паказаў іх суддзі. На забойцу так не расказваюць, як ён расказаў пра той пікет.

Паводле Мікалая Чарнавуса, намеснік начальніка Баранавіцкага ГАУС Сяргей Паўленя незаконна, толькі 8 красавіка, склаў пратакол. Сам Паўленя на пікеце не быў. Чарнавуса не пазнаёмілі з адміністрацыйнай справай. Тым не менш суддзя Аксана Копач пачала разглядаць справу. Актывіст быў пакараны штрафам у 30 базавых велічынь.

Беларускае Радыё Рацыя