Міліцыя хацела пакараць 7-гадовага хлопчыка за з’едзеную ў краме булачку



Выступаючы з дакладам на канферэнцыі, намеснік генеральнага пракурора распавёў пра тое, як у дачыненні да сямігадовага дзіцяці быў пачаты адміністрацыйны працэс з-за з’едзенай ў краме булачкі.

Сёння ў Менску праходзіць канферэнцыя „Актуальныя пытанні прафілактыкі правапарушэнняў”. Выступаючы з дакладам, намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Лашын распавёў пра выпадак, які адбыўся ў Маладзечне.

— Там 7-гадовы хлопчык з’еў у гіпермаркеце булачку за 90 капеек. У дачыненні да дзіцяці пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 10.5 КаАП „Дробны крадзеж”. Супрацоўнікі праваахоўных органаў дамагаліся ад яго прызнання віны і патрабавалі, цытую — „тлумачэнняў”, — распавёў Аляксандр Лашын.

У дачыненні да 7-гадовага хлопчыка быў пачаты адміністрацыйны працэс. За дробны крадзеж прадугледжаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. Пракуратуру гэтая сітуацыя абурыла, да таго ж высветлілася, гэта не адзінкавы выпадак.

— Хутка дзетсадкоўскі ўзрост дзіцяці не стане перашкодай для прыцягнення да адказнасці, — адзначыў намеснік генеральнага пракурора Аляксандр Лашын.

tut.by