Аляксандр Кабанаў вызвалены з-пад варты (абноўлена)



На першым судовым паседжанні бярозаўскі актывіст па зборы подпісаў супраць Дэкрэта №3 Аляксандр Кабанаў заявіў хадайніцтва на ўдзел у працэсе адваката, якога ён мае намер наняць.

Старшыня суда Бярозаўскага раёна Вадзім Мазоль задаволіў хадайніцтва і прызначыў другое паседжанне на 9 сакавіка на 15 гадзін да суддзі Наталлі Вакульчык. Таксама задаволіў суддзя хадайніцтва Кабанава на вызваленне з-пад варты. Зараз Аляксандр Кабанаў знаходзіцца дома. Абвінавачваюць актывіста ў лаянцы матам і прыставанні да мінакоў. Заяву пра гэта ў міліцыю напісаў ранішні правакатар Кабанава жыхар Паўночнага гарадка Бярозы Сычык. Сведкамі выступаюць міліцыянты, што сядзелі раніцай у машыне ля дома Кабанава. Гэта ўчастковы, старшы лейтэнант міліцыі Сяргей Несцяровіч і інспектар ДАІ Андрэй Точка, кажа Аляксандр Кабанаў:

– Спачатку сказалі, што я парушыў правілы дарожнага руху, але ў выніку пратакол не склалі, толькі ўзялі тлумачэнне. А пасля склалі пратакол за тое, што я лаяўся матам і парушаў грамадзянскі парадак. Я ўжо рыхтаваўся да таго, што мяне з суда адразу павязуць “на суткі”, але ёсць яшчэ працэсуальны кодэкс. Яны мусілі мне даць адваката і магчымасць азнаёміцца са справай.

Аляксандра Кабанава міліцыя затрымлівала двойчы за раніцу пад рознымі надуманымі прычынамі. Пасля сустрэчы з журналістамі дома да Кабанава зноў пазванілі з міліцыі і запрасілі прыйсці ў аддзел для размовы. На прапанову прыйсці з журналістамі – не пагадзіліся.  Тады Аляксандр Кабанаў папрасіў даслаць позву.

* * *

Аляксандра Кабанава сёння будуць судзіць за лаянку матам.

Старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку ўдалося паразмаўляць з начальнікам бярозаўскай міліцыі Сяргеем Лабаевым:

– Ён адмовіўся даваць пацверджанні, знаходзіцца Аляксандр Кабанаў у пастарунку ці не. Спаслаўся на тое, што ён не перакананы ў тым, што яму тэлефануе кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. На што я адказаў, што калі яны тэлефануюць нашым актывістам і запрашаюць, каб яны прыйшлі ў пастарунак, то гэта законна, гэта лагічна, гэта нармальна. А ў гэтай сітуацыі, яны не могуць прадставіць проста элементарнай інфармацыі, дзе знаходзіцца чалавек.

Праз пэўны час пазваніў Аляксандр Кабанаваў і паведаміў пра тое, што на яго склалі пратакол за лаянку матам і будуць судзіць, кажа Анатоль Лябедзька:

– Нехта з жыхароў горада пісьмова звярнуўся ў міліцыю і паведаміў, што Аляксандр Кабанаў казаў брыдкія словы і чапляўся да людзей.

Паводле Анатоля Лябедзькі, гэта старыя брудныя метады правакацыі супраць актывістаў. Ва ўладаў была праграма-мінімум: не дапусціць Кабанава да людзей у Івацэвічах, праграма максімум – нейтралізаваць каардынатара “Марша недармаедаў” па Берасцю 5 сакавіка і кінуць яго за краты. Гэта запалохванне тых, хто вагаецца, ісці на марш ці не ісці, кажа Анатоль Лябедзька.

* * *

У Бярозаўскім РАУС хаваюць інфармацыю пра месца знаходжання Аляксандра Кабанава.

Па інфармацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”,  апытваў Кабанава ўчастковы капітан Скробат. Мы паспрабавалі высветліць лёс Кабанава. Паслухайце:

РР: Добры дзень. Мне патрэбны ўчастковы капітан Скробат.

– Няма яго

РР: А дзе ён?

– Ён працуе, можа на ўчастку.

РР: Ён жа нядаўна апытваў Аляксандра Кабанава.

– Можа і апытваў, я не ведаю. У гэтым кабінеце і ў суседнім дакладна няма.

РР: Скажыце, а Кабанава адпусцілі?

– Я не ведаю.

РР: А куды можна патэлефанаваць, каб даведацца?

– 45658 можаце патэлефанаваць – гэта дзяжурная частка.

* * *

Дзяжурны: Дзяжурная частка, слухаю.

РР: Добры дзень.

Дзяжурны: Добры.

РР: Скажыце калі ласка, дзе знайсці Аляксандра Кабанава?

Дзяжурны: На такія пытанні не магу адказваць, тэлефануйце намесніку начальніка.

Тэлефон намесніка начальніка РАУС Аляксандра Хутко не адказваў, як і тэлефон самога начальніка аддзела Сяргея Лабаева.

Калі мы пазванілі ў аддзел аховы правапарадку, жаночы голас сказаў: да і пачуўшы прозвішча Кабанаў, кінулі трубку і больш не падымалі.

Начальнік аддзела аховы правапарадку Якаў Самасюк сказаў, што дае інфармацыю толькі блізкім сваякам. А журналіст павінен яму паказаць пасведчанне. Паколькі пасведчання па тэлефоне не пакажаш, то інфармацыі мы не атрымалі.

У 12.55 скончылася 3 гадзіны пасля затрымання Кабанава, але тэлефон яго пакуль не адказвае.

 

* * *

Пры выхадзе з пад’езда свайго дома актывіст Аляксандр Кабанаў з Бярозы ўбачыў маладога чалавека неадэкватнага выгляду, які ўжо не першы раз сачыў за Кабанавым, і міліцэйскую машыну. Малады чалавек пачаў прыставаць да Кабанава. Міліцыя забрала абодвух.

Пра паўтары гадзіны пасля затрымання Аляксандра Кабанава адпусцілі з міліцыі. Прычына затрымання – парушэнне правілаў дарожнага руху. Пратаколу не складалі, узялі тлумачальную, бо парушэнне атрымалася па віне маладога чалавека, які правакаў Кабанава на скандал.

Кажа Аляксандр Кабанаў:

— Я выйшаў з пад’езда, а ён стаіць проста насупраць. Убачыў мяне і пайшоў у цень за кут. Я пастаяў паглядзеў — няма. Я вярнуўся дамоў, выйшаў праз некаторы час, а ён зноў стаіць. Я пачакаў пакуль ён зойдзе за кут і пайшоў хуткім крокам у адваротны бок, бо ўжо зразумеў, што будзе нейкая правакацыя. Потым убачыў, што ён таксама хутка накіроўваецца за мной. Я зразумеў, што трэба падысці да супрацоўнікаў, якія, як я бачыў з балкона, таксама стаяць ля майго дома. Хоць за два гады я ані разу не бачыў, каб там стаяла машына.  

Аднак, не паспелі Аляксандр Кабанаў з журналісткай Тамарай Шчапёткінай выйсці з пад’езда дома, дзе жыве журналістка, каб ехаць у Івацэвіцкі райвыканкам, як да Кабанава падышоў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што яму трэба праехаць у Бярозаўскі РАУС паўторна. З ім хоча пагутарыць начальнік міліцыі. За домам стаяла міліцэйская  аўтамашына. На словы, што Кабанаў з’явіцца праз пару гадзін да начальніка міліцыі, міліцыянт сказаў: “Приказано доставіть сейчас”. Сувязі з Кабанавым не стала адразу пасля таго як ён сеў у аўтамабіль.

Беларускае Радыё Рацыя