Міліцыя просіць адгукнуцца ахвяраў серыйнага гвалтаўніка з Расеі



Падазроны ў серыі згвалтаванняў грамадзянін Расеі расказаў пра тое, што за 20 гадоў згвалціў прыблізна сто жанчын. Толькі больш за палову яго ахвяр устаноўленыя, зараз устанаўліваюць асобы астатніх, паведамілі ва УУС Менскага аблвыканкама.

1212

У лістападзе мінулага года за здзяйсненне серыі згвалтаванняў на тэрыторыі Берасцейскай і Менскай абласцей быў затрыманы 45-гадовы расеец. Жыхар Санкт-Пецярбурга перыядычна прыязджаў у Беларусь наведваць сваякоў у Берасцейскай вобласці. З 1994 па 2014 гады падчас гэтых візітаў і здзяйсняліся згвалтаванні.

Адна з асаблівасцяў злачынстваў — яны здзяйсняліся блізу прыпыначных пунктаў чыгуначнага транспарту. На тэрыторыі Менскай вобласці гаворка ідзе пра Дзяржынскі, Менскі, Смалявіцкі і Стаўбцоўскі раёны. Для здзяйснення злачынстваў выбіраліся бязлюдныя месцы, размешчаныя побач з ляснымі масівамі. У шэрагу выпадкаў абвінавачаны не толькі гвалтаваў, але і забіраў у ахвяр упрыгажэнні, грошы, каштоўныя рэчы. Згвалтаванні суправаджаліся пагрозамі фізічнай расправы, часам для гэтага выкарыстоўваўся нож.

Ахвярамі гвалтаўніка станавіліся жанчыны рознага ўзросту, у тым ліку непаўналетнія. Першыя заявы ад пацярпелых сталі паступаць у 1999 годзе. Аднак сам падазроны паказаў, што нападаў на жанчын з 1994 года. Падчас расследавання гэтая інфармацыя пацвердзілася.

Неабходна адзначыць, што да цяперашняга часу праваахоўныя органы не валодаюць поўнай карцінай учыненых падазроным злачынстваў. Практычна адразу пасля затрымання фігурант стаў расказваць пра згвалтаванні, пра якія раней не было вядома. Падчас падрабязнай праверкі гэтай інфармацыі і аператыўна-следчых дзеянняў толькі ў Менскай вобласці былі ўсталяваныя прыблізна дзесяць жанчын, якія раней з-за розных прычын у міліцыю не звярталіся. Ёсць важкія падставы меркаваць, што да гэтага часу вядома далёка не пра ўсе ахвяры серыйнага гвалтаўніка.

„Мы практычна ўпэўненыя, што асобы шэрагу пацярпелых ад супрацьпраўных дзеянняў падазронага, як і некаторыя факты учыненых ім злачынстваў на тэрыторыі Менскай вобласці, да гэтага часу не выяўленыя. Таму звяртаемся да суграмадзян па інфармацыйную дапамогу”, — сказаў начальнік упраўлення крымінальнага вышуку УУС Менскага аблвыканкама Ігар Шчарбачэня.

Праваахоўнікі просяць тых, у дачыненні да каго падазроным былі здзейсненыя супрацьпраўныя дзеянні, тых, хто на фота на сайце УУС пазнаў у ім свайго крыўдзіцеля, а таксама тых, хто валодае інфармацыяй аб яго супрацьпраўных дзеяннях, паведаміць пра сябе ва ўпраўленне крымінальнага вышуку УУС Менскага аблвыканкама.

belapan.by