Міліцыянтаў-ілжэсведак, што далі паказанні супраць гомельскага апазіцыянера , будуць судзіць



Міліцыянтаў-ілжэсведак, якія далі паказанні супраць гомельскага апазіцыянера Уладзіміра Няпомняшчых, будуць судзіць. Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі намераны спагнаць з супрацоўнікаў АМАП па 1 капейцы, а з абласнога Упраўлення ўнутраных справаў — 9 тысяч 900 рублёў. Уладзімір Няпомняшчых абураецца практыкай прыцягнення міліцыянтаў да фальсіфікацыі пратаколаў у дачыненні да апазіцыянераў.

— У выніку было складзена два пратаколы. За дробнае хуліганства. Нібы я лаяўся на прыпынку ў прысутнасці людзей. Што цікава, нікога з тых, хто быў на прыпынку і хто абураўся маімі паводзінамі, у сведкі не ўзялі. Падпісалі пратакол толькі два супрацоўнікі АМАП-у і Сцепаненека, кіраўнік аддзела прафілактыкі, ці кім ён там лічыцца ў чыгуначным. Пратаколы склалі без маёй прысутнасці, мне нават копіяў не далі.

12-га верасня гэтага года Уладзімір Няпомняшчых збіраўся ехаць на мірную акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў у Менск. Аднак па дарозе, каля гомельскага вакзала, яго затрымалі супрацоўнікі АМАП. Разгляд судовай справы Уладзіміра Няпомняшчых супраць міліцыянтаў прызначаны на 31 кастрычніка.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель