„Ціхары” не пусцілі берасцейца на „Марш недармаедаў”



Берасцеец Павел Кінчак, які выступаў на двух папярэдніх маршах, быў заблакаваны ў сваім доме трыма супрацоўнікамі ў цывільным.

Яны прыйшлі ў двор яго дома, але Павел запатрабаваў пакінуць яго двор і адкрыў дзверы дома, калі няпрошаныя госці выйшлі за вароты на вуліцу, кажа Павел Кінчак:

– Я кажу, я вас не ведаю, пакажыце мне дакумент, што вы маеце права ўвайсці на маю тэрыторыю, пакажыце мне санкцыю. Я кажу: “Вось плот бачыце? За плот, тады я адчыню дзверы.” Яны праўда спакойна сышлі за плот, за плотам спыніліся, я адчыняю дзверы: “Што вы хацелі?”. “Нам трэба паразмаўляць”. Я кажу: “Я з вамі толькі з такой адлегласці буду размаўляць, вы не маеце права заходзіць на маю тэрыторыю. “Падыдзі бліжэй, трэба паразмаўляць. Чаму мы павінны крычаць?”

Трое ў цывільным, адзін з якіх аказаўся ўчастковым, паведамілі, што Кінчак не можа выйсці з дома, інакш яго “упакуюць”. На словы Кінчака, што ён пойдзе з дзіцём на атракцыёны на плошчу, адказалі: „Куды хочаш, акрамя плошчы”.

Нагадаем, што Павел Кінчак быў выкліканы ў Ленінскі РАУС на 17 гадзін 3 сакавіка на допыт, насамрэч з мэтай затрымання. Як гэта здарылася з Андрэем Шарэндай. Ён з 3 сакавіка сядзіць у ізалятары часовага ўтрымання.

Беларускае Радыё Рацыя