Мінгандлю дапускае магчымасць прадаваць алкаголь праз інтэрнэт



Міністэрства гандлю гатова разгледзець магчымасць зняцця абмежаванняў з продажаў алкаголю ў інтэрнэт-крамах краіны, калі такое пытанне паўстане на парадку дня.

Пра гэта заявіла начальнік упраўлення арганізацыі гандлю і паслуг Міністэрства гандлю Віялета Бразоўская, перадае БелТА.

Сёння нельга прадаваць алкаголь у дробнарознічнай сетцы, у памяшканнях, дзе размешчаны ўстановы адукацыі, арганізацыі аховы здароўя, дзіцячыя тэатральна-відовішчныя і культурна-асветніцкія ўстановы, інтэрнаты, з прымяненнем інтэрнэт-тэхналогій.

„Мы разумеем, што неабходна развіваць нацыянальны гандаль, у тым ліку і онлайн, і калі пытанне – ці дазваляць гандаль алкаголем праз інтэрнэт-крамы – будзе пастаўлена, яго неабходна абмеркаваць з грамадскасцю, бізнес-саюзамі, вытворцамі, праваахоўнымі і падатковымі органамі, паколькі гэта тавар спецыфічны”, – упэўненая Віялета Бразоўская.

Паводле слоў прадстаўніка Мінгандлю, у структуры рознічнага тавараабароту продаж алкаголю складае каля 10%. „Гэта адна з даходных таварных пазіцый розніцы”, – падкрэсліла чыноўніца.