Міністэрства інфармацыі абвесціла папярэджанне „Нашай ніве”



Міністэрства інфармацыі абвесціла папярэджанне сайту газеты „Наша ніва” за распаўсюд інфармацыі, „здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам”. Рашэнне за подпісам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч ад 14 сакавіка рэдакцыя атрымала па пошце 21 сакавіка, паведаміў шэф-рэдактар выдання Андрэй Дынько.

„У лісце з Міністэрства інфармацыі прыводзяцца восем выказванняў у каментарах да артыкулаў на сайце „НН”, — адзначаюць у рэдакцыі.

Паводле слоў Дынько, атрыманне папярэджання за змест каментароў не з’яўляецца для рэдакцыі нечаканасцю, бо па заканадаўстве выданне адказнае за змест сайта, у тым ліку выказванняў яго наведвальнікаў.

„Нас вельмі ўразіў той факт, што папярэджанне зроблена ў той жа дзень, што і парталу tut.by. І яно пад нумарам 3. Ёсць падставы меркаваць, што папярэджанне абвешчана яшчэ каму-небудзь”, — падкрэсліў шэф-рэдактар выдання.

Дынько адзначыў, што каментары, да якіх выставіў прэтэнзіі Мінінфарм, з сайта выдаленыя. Наконт далейшых дзеянняў кіраўніцтва выдання мае намер пракансультавацца з юрыстамі.

„Наша ніва” таксама паведамляе, што будзе больш уважліва падыходзіць да прэмадэрацыі каментароў.

Гэта ўжо другое папярэджанне, зробленае СМІ Міністэрствам інфармацыі за апошнія дні. З падобнай да гэтай фармулёўкай 14 сакавіка папярэджанне было абвешчана парталу tut.by за матэрыял пра беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне на баку Кіева. Гаворка ідзе пра матэрыял ад 15 лютага „Бацькі напісалі спачатку, што я фашыст. Як беларусы ваююць ва Украіне”. Згодна з патрабаваннямі заканадаўства, матэрыял выдалены з сайта.

У адпаведнасці з законам аб СМІ доступ да прадукцыі СМІ, якая распаўсюджваецца з дапамогай інфармацыйнага рэсурсу ў інтэрнэце, можа быць абмежаваны па рашэнні Мінінфарма ў разе абвешчання ўладальніку рэсурсу цягам года двух і больш пісьмовых папярэджанняў.

БелаПАН