Чарговы мітынг ІП у Менску (абноўлена)



Прыкладна 300 чалавек узялі ўдзел у мітынгу, які прайшоў 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Тут сабраліся не толькі сотні прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі, але і прадстаўнічая каманда палітыкаў – прадстаўнікі розных партыяў і рухаў. У іх ліку старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы палітвязень Мікалай Статкевіч.

Анатоль Лябедзька:

– Гэтая сістэма – тупіковая. Патрэбны новы эканамічны курс і структурныя рэформы.

Мікалай Статкевіч:

– Улады будуць чакаць і шукаць нагоды для затрыманняў. Бо яны мусяць азірацца на Еўропу. Атрымаюць крэдыты – азірацца перастануць.

Падчас мітынгу прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы міліцыянты паспрабавалі скласці пратаколы на выступоўцаў, але актывісты на чале з Паўлам Севярынцам не далі гэтага зрабіць і стварылі жывы ланцуг. На ганку Палаца Рэспублікі паўстала такая цісканіна, што людзі ледзь не падалі з прыступак:

– Спрацаваў рэфлекс, ён дзейнічае яшчэ з вясны 1996 года. Так звычайна засцерагаюцца ад напора міліцыі – людзі проста бяруцца пад рукі, гэта стварае непераадольны бар’ер.

Адзін з арганізатараў акцыі, прадпрымальнік Алесь Макаеў зазначыў, што градус напружанасьці сярод ІПэшнікаў не змяншаецца:

– У Беларусі ідзе крызіс. Улады і чыноўнікі на ўсе пытанні нават не паспяваюць даваць адказы.

Чарговы мітынг прадпрымальнікаў ізноў пройдзе на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў бліжэйшую нядзелю 28 лютага.

* * *

Адказнасць за катастрафічную сітуацыю ў сферы дробнага бізнесу цалкам нясуць урад і прэзідэнт краіны. Так лічыць сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Ён, сярод іншых палітыкаў, сёння прыняў ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску:

– Насамрэч, прадпрымальнікаў знішчаюць як клас, бо яны канкурэнты гіпермаркетам, якія трымае мафія ў сваіх руках. А па-другое, яны незалежныя ад улады – значыць свабодныя. Іх трэба выціснуць, іх трэба знішчаць, і на думку ўладаў, як раз такім чынам трэба рабіць.

“Таму неабходна выказаць недавер ураду і прэзідэнту, патрабаваць адмены тых указаў, дэкрэтаў і пастановаў, якія дыскрымінуюць прадпрымальнікаў”, – лічыць Павел Севярынец. Ён нагадаў, што для каардынацыі дзеянняў розных груп прадстаўнікоў дробнага бізнесу – створаны Камітэт выратавання прадпрымальнікаў. 25 лютага ў Менску адбудзецца яго першае пасяджэнне.

* * *

Прадпрымальнікі зладзілі чарговы несанкцыянаваны мітынг на Кастрычніцкай плошчы. Акцыя доўжылася каля паўтары гадзіны і сабрала каля 200-300 удзельнікаў – у тым ліку прадстаўнічую кампанію палітыкаў. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька падводзіць вынікі сённяшняй акцыі:

– Крыху падвяло надвор’е, але прыехалі прадпрымальнікі з рэгіёнаў. Менск пакуль лічыць, што запас тлушчу ў іх дастатковы, каб яшчэ нечага пачакаць. Але я думаю, што ў любым выпадку, людзі пачынаюць усё больш і больш разумець, што трэба кансалідавацца, бо ёсць агульная праблема.

На несанкцыянаваную акцыю з’ехаліся прадпрымальнікі з усіх абласцей Беларусі. Хоць агульная колькасць удзельнікаў не перавысіла трох соцень. Гавораць прадстаўніцы Гомеля:

– Прадпрымальнікі проста баяцца. Некаторыя гавораць, што яны ўжо пенсіянеры і не паедуць нікуды.

– Кожны тыдзень мы прыходзім і да райвыканкама, і да аблвыканкама, але безвынікова. Нам адказваюць, што хто падпісаў гэты ўказ, той і мае права яго адмяніць.

Наступны мітынг прадпрымальнікаў пройдзе ў Менску ў бліжэйшую нядзелю, 28 лютага. Пачатак а 15-ай гадзіне.

* * *

У Менску 22 студзеня прайшоў чарговы мітынг індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выказалі свой пратэст супраць указа №222 Аляксандра Лукашэнкі.

Прадпрымальнікі ўжо другі месяц запар не могуць легальна працаваць.

“Што рабіць далей, мы проста не ведаем”, — кажуць індывідуальныя прадпрымальнікі. Некалькі соцень прадстаўнікоў дробнага бізнесу, як і тыдзень таму, сабраліся на Кастычніцкай плошчы ў Менску. Людзі кажуць, што не маюць магчымасці працаваць паводле новых патрабаванняў, хутка ім не будзе чым карміць сем’і.

Наш карэспандэнт Стас Дэдэрка назірае за падзеямі на плошчы.

14.12. Толькі што з Дома прафсаюзаў, які знаходзіцца побач з Палацам Рэспублікі, выйшлі тыя самыя міліцыянты, што спрабавалі скласці пратаколы на выступоўцаў і ўдзельнікаў мітынгу. Трэба сказаць, што ў час мітынгу, апрача гучных, не толькі эканамічных, але і палітычных патрабаванняў, адбыліся два найбольш крытычныя моманты.

Першы — гэта снегаўборачныя машыны: калі людзі яшчэ стаялі ля Палаца Рэспублікі,  а машыны пачалі наварочваць кругі ўсё бліжэй і бліжэй да людзей. Тады частка актывістаў пачала перашкаджаць ім: яны сталі з расцяжкамі насупраць снегаўборачнай тэхнікі, нібы насупраць танкаў. Але праз 5-10 хвілінаў было вырашана прапусціць гэтую тэхніку, і яна з’ехала, так і не прыбіраючы.

Другі крытычны момант — калі міліцыянты хацелі скласці пратаколы на выступоўцаў, але актывісты на чале з Паўлам Севярынцам стварылі жывы ланцуг і фактычна выпіхнулі міліцыянтаў з плошчы. Там паўстала такая цісканіна, што людзі ледзь не падалі з прыступак.

Трэба таксама адзначыць, што цяпер гучалі даволі радыкальныя лозунгі: “У адстаўку прэм’ер-міністра”, “У адстаўку прэзідэнта”. Нават прапанавалі адправіць у адстаўку кіраўніка “Белтэлерадыёкампаніі” Давыдзьку за тое, што ён кпіць з прадпрымальнікаў.

Акцыя не задала нейкага аптымізму. Лідар прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў прапаноўваў прайсці альбо да Адміністрацыі Прэзідэнта, альбо на плошчу Незалежнасці, але яго ніхто не падтрымаў. Ён таксама выказваўся за тое, каб стаяць далей. І гэтае пытанне паставілі на галасаванне, але толькі некалькі людзей узнялі рукі «за». Цяпер усе разыходзяцца, а наступная акцыя абвешчана на 28 лютага. Яна пачнецца а 15-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы.

50

51

53

“Ганьба, свабоду, работу!” – такія воклічы гучаць над Кастычніцкай плошчай у Менску. Тут на свой чарговы мітынг сабраліся індывідуальныя прадпрымальнікі. Падтрымаць іх прыйшоў шэраг апазіцыйных палітыкаў ды актывістаў. З плошчы ў Менску – наш карэспандэнт Стас Дэдэрка.

13.00. Цяпер на плошчы некалькі сотняў чалавек, але дакладна менш, чым у мінулы панядзелак. Гэта выклікана часткова і страхам, а часткова і надвор’ем.

Найбольш дынамічныя і хвалюючыя падзеі адбываліся недзе паўгадзіны таму, калі натоўп ужо сабраўся на плошчы і стаў падыходзіць да прыступак Палаца Рэспублікі, каб адтуль рабіць прамовы ў мегафон. Як толькі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька пачаў звяртацца да прадпрымальнікаў, падышлі 5 прадстаўнікоў міліцыі ў форме і пачалі складаць пратаколы, але людзі адразу ж стварылі ланцуг вакол выступоўцаў і такім чынам проста выціснулі міліцыю з гэтай тэрыторыі.

Цяпер прамовы працягваюцца. Каля 10 хвілінаў таму падышоў Мікалай Статкевіч. Перад гэтым ён заклікаў усіх ісці да Рэзідэнцыі прэзідэнта, каб у прыёмную падаць звароты прадпрымальнікаў. Ён кажа, што разам з ім прыйшлі толькі 10 чалавек, там ніякіх пратаколаў ніхто не складаў, і ён надалей прапаноўвае выкарыстоўваць менавіта гэтую пляцоўку.

Алесь Макаеў – лідар прадпрымальнікаў – казаў, што хацеў бы, каб гэтая акцыя была больш шматлікай за мінулую.

48

47

45

44

Як выглядае сітуацыя ў іншых рэгіёнах?

У Гародні прадпрымальнікі сабраліся на плошчы Леніна каля будынка гарадскога выканаўчага камітэта. Паводле нашага карэспандэнта, на плошчы каля ста чалавек. Гэта ўжо другая акцыя прадпрымальнікаў у Гародні. А ў Берасці мясцовыя ўлады не дазволілі мірнага сходу ІП.

22

CbzwujMW8AA-TiB

CbzxQxTXIAArORi

Cbzv2S0W8AEzALu

У беларускай сталіцы за падзеямі на Кастрычніцкай плошчы сочыць наш карэспандэнт Стас Дэдэрка.

12.05.  Я цяпер курсую паміж Рэзідэнцыяй прэзідэнта і Кастрычніцкай плошчай і бачу, што на тут ужо збіраюцца людзі. Цяпер каля 50 чалавек ёсць дакладна.

Што тычыцца рэзідэнцыі, дык лідар апазіцыі Макалай Статкевіч прапанаваў перад тым, як прыйсці на Кастрычніцкую плошчу, падысці да прыёмнай прэзідэнта, каб прадпрымальнікі падалі свае звароты з заклікам адмяніць той самы сумна вядомы ўказ №222. Пакуль што ў гэтым месцы я не бачу вялікай колькасці людзей, як і самога Мікалая Статкевіча.

Што тычыцца сілавікоў, дык яны падрыхтаваліся традыцыйна: дзяжураць з выхадаў метро, у заездах у двары стаяць аўтазакі, і як мінімум дзве машыны я бачыў з гучнагаварыцелямі на дахах. Відаць, каб папярэджваць, што гэтая акцыя несанкцыянаваная.

Мяркую, што надвор’е ўнясе свае карэктывы ў развіццё падзеяў, бо цяпер у Менску слота, ідзе дождж, падае снег.

gi-18232-91660-big

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота: Беларускае Радыё Рацыя, nn.by, euroradio.fm