Міжнародная акцыя “Чалавек з белым кіем”



У Беларусі праходзіць міжнародная акцыя “Чалавек з белым кіем”. Штогод 15 кастрычніка ва ўсім свеце з’яўляецца днём-напамінам пра існаванне людзей з захворваннем на зрок. Беларускае таварыства інвалідаў па зроку аб’ядноўвае амаль 20 тысяч грамадзян, але не ўсе сляпыя далучаюцца да дзейнасці арганізацыі.

Берасцейскае аддзяленне таварыства з 15 кастрычніка па 15 лістапада аб’явіла абласны месячнік, скіраваны на засяроджанне праблем інвалідаў па зроку. У межах месячніку запланавана шэраг тэматычных мерапрыемстваў.

“Галоўнае, каб грамадства нас успрымала, бо мы такія ж грамадзяне”, – кажа Андрэй Міхнюк, інвалід па зроку з Пінску:

– Я нічым не адрозніваюся ад іншых. І другія таксама не адрозніваюцца ад мяне. Чаму? Таму што ў кожнага чалавека ёсць свае плюсы, свае мінусы. Таксама і чалавек з абмежаванымі магчымасцямі. Мне здаецца, кожны чалавек мае нейкія свае абмежаванні. Нават цалкам здаровыя. Хаця цалкам здаровых людзей, шчыра кажучы, я не сустракаў.

У Беларускім таварыстве інвалідаў па зроку адзначаюць, што кожны год у краіне колькасць грамадзян з захворваннем вачэй павялічваецца на 1-2 тысячы.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя