Міжнародны дзень абароны персанальных дадзеных



28 студзеня ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень абароны персанальных дадзеных. У гэты дзень у 1981 годзе была ўхваленая Канвенцыя Савета Еўропы „Аб абароне фізічных асобаў пры аўтаматызаванай апрацоўцы дадзеных”. Гэты дакумент падпісалі 47 краінаў свету. Беларусь у лік дзяржаваў-падпісантаў не ўваходзіць. Праваабаронца Леанід Судаленка заўважае, што абарона персанальных дадзеных наўпрост звязаная з правам на недатыкальнасць асабістага жыцця, гарантаванага Канстытуцыяй.

– З новага году, ёсць пастанова, правайдары абавязаны захоўваць гісторыю тых наведванняў, якія я цягам году ажыццяўляў у Інтэрнэце. Таксама можна сказаць і пра другія асабістыя дадзеныя грамадзян, гэта датычыць і банкаўскіх рахункаў і іншай асабістай інфармацыі. Як мы бачым, мабільныя аператары запрашалі на выбары, потым снег прыбіраць запрашалі. Гэтыя праклады кажуць пра тое, што калі трэба, дык дзяржава не будзе пытацца ў таго ж мабільнага аператара, возьме ўсю базу і будзе выкарыстоўваць у сваіх мэтах.

Беларускія праваабарончыя аб’яднанні, у прыватнасці „Беларускі Хельсінкскі Камітэт” і „Цэнтр прававой трансфармацыі”, выступаюць за распрацоўку закона аб абароне персанальных дадзеных.

Беларускае Радыё Рацыя