Міжнародны Дзень студэнта: Весяліцца, ці ўшанаваць памяць



17 лістапада ў Беларусі адзначаюць Міжнародны Дзень Студэнта. Гэты дзень гістарычна звязаны з падзеямі 1939 году, калі падчас студэнцкіх хваляванняў у Чэхіі былі зачыненыя ВНУ, а вялікая колькасць студэнтаў апынулася за кратамі альбо ў канцлагерах. Святкаваць гэты дзень распачалі з 1941 году, калі ў Лондане прадстаўнікі студэнцкіх арганізацыяў 26 краінаў узгадалі падзеі 39-га году, каб ушанаваць памяць пакараных смерцю і закатаваных студэнтаў. Якім чынам гарадзенцы адзначаюць ці адзначалі гэты дзень, яны распавялі карэспандэнту Радыё Рацыя.

– Адзначаў, калі быў студэнтам. Даўно гэта было. Як заўсёды, збіраліся аднагрупнікамі ці ў інтэрнаце, ці ішлі на нейкія імпрэзы, ці на дыскатэку…

 – 17 чысло збіраліся і ладзілася вялікая п’янка-гулянка.

 – Адзначаць можна, а святакваць нельга. Адзначаць, я маю на ўвазе, ушанаваць памяць тых студэнтаў, якія выступілі супраць нямецкай акупацыі ў Чэхаславкіі. Былі патрыётамі і з-за гэтага загінулі. І ў знак салідарнасці быў прызначаны гэты дзень. Таму розныя вясёлыя мерапрыемствы, мне здаецца, не могуць праводзіцца ў гэты дзень.

Забаўляльныя ўстановы гораду ў гэты дзень робяць розныя імпрэзы, куды па студэнцкаму білету бясплатны ўваход. Узгадваць трагічныя падзеі 1939 году студэнцкія арганізацыі горада ніякім чынам не збіраюцца.

Беларускае Радыё Рацыя

фота Настассі Храловіч