Мор рыбы на Дняпры



Па рацэ Дняпро на Віцебшчыне некалькі дзён запар плыве мёртвая рыба.

Яшчэ 2-га жніўня ў Смаленскай вобласці заўважылі шмат мёртвай рыбы. А ўжо 8-га рыбу, якую нясе плынню, заўважылі на тэрыторыі Беларусі – у Дубровенскім і Аршанскім раёнах. Трывогу першымі паднялі рыбакі, якія традыцыйна ловяць рыбу ў гэтых мясцінах. Яны адзначылі, што ў гэты дзень па рацэ праплылі сотні рыбаў брухам дагары. Карэспандэнт Радыё Рацыя адправіўся на раку Дняпро, каб на ўласныя вочы пераканацца – рыба сапраўды масава памірае. Як вынік – колькасць рыбакоў на Дняпры на Віцебшчыне істотна зменшылася, хаця ўсё адно штодня знаходзяцца смелыя асобы, якія прыходзяць на бераг з вудамі. Інспекцыя па ахове жывёльнага і расліннага свету папярэдзіла пра тое, што рыба можа быць атручанай і ўжываць яе ў якасці ежы, у тым ліку і для хатняй жывёліны, не рэкамендуецца.

Інспекцыя зрабіла выснову, што рыбу сапраўды прынесла плынню з Расеі, а на тэрыторыі Беларусі шкодных выкідаў у Дняпро не зафіксавана. Беларускімі службамі вядуцца лабараторныя даследаванні, якія неўзабаве назавуць прычыну мору рыбы. З’явілася версія, паводле якой у ваду ў вярхоўях Дняпра трапіла шмат азоту, але пакуль яна нікім не пацверджаная. А памерлая рыба назіралася на Дняпры як 9-га, так і 10-га жніўня.

Тым часам выконваючы абавязкі начальніка дзяржаўнага кантролю за біярэсурсамі па Бранскай і Смаленскай абласцях Ігар Кісялёў адзначыў, што прычынай мору рыбы маглі стаць моцныя залевы, якія прайшлі ў Смаленскай вобласці раней – з-за іх у Дняпры і малых рэках паблізу яго паднялася вада, якая затапіла берагі з травой. Высокая тэмпература вады спрычынілася да таго, што трава пачала чэзнуць, і вада напоўнілася вуглякіслым газам. Таму магчыма, што рыба гіне з-за недахопу кісларода ў вадзе. Ускосна пацвярджаюць гэта і нядаўнія лабараторныя даследванні. Згодна з імі, у Дняпры толькі 1 міліграм кісларода на 1 літр вады. Для нармальнага жыцця рыбы ў рацэ неабходна 4 міліграмы на 1 літр вады. Недахоп кіслароду выкліканы тым, што ён ідзе на затляненне арганікі, той жа самай травы, а для жывых істотаў яго ўжо бракуе.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша