„Мова Нанова” пра мёд, пчолаў і пчалярства



На берасцейскай “МОВЕ НАНОВА” мясцовы пчаляр-аматар Пятро Попчанка ў шматгадзіннай прэзентацыі распавёў бадай што вычарпальную інфармацыю пра мёд, пчолаў і пчалярства з бортніцтвам у Беларусі. Апроч прэзентацыі на ўзнятую тэму, публіцы былі прадстаўленыя жывыя пчолы, вулей і прылады працы пчаляра:

– Не ведаю нікога, хто спыніўся б на паўкроку, бо пчолы зацягваюць. Іхнае пчалінае грамадства можа і не ідэальнае, але ў іх шмат чаму можна павучыцца. Пчолы вельмі рацыянальныя. У іх усё вельмі прадумана. І гэта вельмі захоплівае. І я б сказаў, што гэта не чалавек даглядае за пчоламі. Не, гэта пчолы выхоўваюць чалавека па-свойму. Вось ты зрабіў нешта не так, а яна цябе цапнула за руку. Ага, значыць так нельга.

Наведвальнікаў цешыў той факт, што беларуская мова пашыраецца нават у такім вузкапрафесійным асяроддзі як пчаляры. Чаго толькі вартыя дзьве беларускамоўныя старонкі, прысвечаныя пчолам, мёду і ўсяму, што з гэтым звязана: www.pcholy.by і www.bortnictva.by, якія былі прадстаўлены на мерапрыемстве, – зазначылі слухачы курсаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота pcholy.by