МПЗ накіравала каля 50 тыс. паведамленняў на выплату збору з „дармаедаў”



Міністэрства па падатках і зборах накіравала каля 50 тыс. паведамленняў на выплату збору беларусам, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў, паведаміла намесніца міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка.

„Паводле апошняй інфармацыі, у адрас падаткаплацельшчыкаў накіравана каля 50 тыс. паведамленняў на выплату збору. Аднак, атрымаўшы такі дакумент, магчыма, складзецца сітуацыя, што хтосьці мае права на льготы, але адпаведныя дакументы не прадставіў у падатковыя органы, — ён можа прадставіць гэтыя дакументы, пасля чаго будзе прынята рашэнне, выплачвае такі грамадзянін збор ці не”, — сказаў намеснік кіраўніка падатковага ведамства 26 кастрычніка на брыфінгу „Практычныя аспекты рэалізацыі дэкрэта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ў прэс-цэнтры БелТА.

Шаўчэнка таксама адзначыла, што інфармацыя аб катэгорыях грамадзян, якія вызваляюцца ад выплаты збору, і прыкладнай форме паведамлення аб наяўнасцi права на вызваленне ад выплаты збору размешчана на сайце МПЗ у раздзеле „Збор на фінансаванне дзяржаўных расходаў”.

Дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” ад 2 красавіка 2015 года абавязвае грамадзян Беларусі, замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны, і асоб без грамадзянства, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, выплачваць збор у 20 базавых велічынь.

belapan.by