МУС: Каля 10 беларусаў ваююць за „ІД”, больш за 100 на Данбасе



Больш за 100 грамадзян Беларусі ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на Данбасе, каля дзясятка – паехалі ваяваць на баку „Ісламскай дзяржавы”. Пра гэта паведаміў журналістам 15 снежня ў Палаце прадстаўнікоў міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч.

Паводле яго слоў, у Следчы камітэт (СК) накіраваныя матэрыялы для распачынання крымінальных спраў у дачыненні да 12 удзельнікаў баявых дзеянняў на Данбасе. „Ёсць матэрыялы праверак, яны накіраваныя ў Следчы камітэт. Агульны спіс мяркуемых удзельнікаў (грамадзян Беларусі) баявых дзеянняў складае больш за 100 чалавек, у СК матэрыялы пададзеныя ў дачыненні да 12″, – сказаў Шуневіч.

Шуневіч адзначыў, што асобы, у дачыненні да якіх могуць быть распачатыя крымінальныя справы, удзельнічалі ў баявых дзеяннях як на баку афіцыйных войскаў, так і прыхільнікаў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік. „У нас у гэтым плане абсалютна непрадузятае стаўленне”, – падкрэсліў ён.

Паводле слоў кіраўніка МУС, грамадзяне Беларусі едуць ваяваць у асноўным „з карысці”, а значная частка з іх ваюе там, дзе „больш плацяць”. Шуневіч лічыць, што ў Следчага камітэта ёсць падставы для распачынання крымінальных спраў на падставе праверак органаў унутраных спраў. „Але ў любым выпадку рашэнне будзе прымаць следчы”, – сказаў ён.

Шуневіч таксама паведаміў, што ў МУС ёсць інфармацыя аб грамадзянах Беларусі, якія паехалі ваяваць на баку так званай Ісламскай дзяржавы”. „Такія прэцэдэнты ёсць. Па кожным вядомым выпадку мы праводзім праверку і будзем даваць прававую ацэнку. Гэта не больш за дзесяць чалавек пакуль, якія нам вядомыя”, – сказаў міністр.

Паводле яго слоў, наўрад ці хтосьці назаве канкрэтную колькасць грамадзян Беларусі, якія паехалі ў „Ісламскую дзяржаву”. „Яны ж не аб`яўляюць, што ідуць ваяваць. Дакладных спосабаў, якія б адназначна адказалі, для чаго чалавек едзе за мяжу, у нас няма. Чалавек не дэкларуе сваё жаданне ваяваць. Ён едзе, умоўна кажучы, у Турцыю, нейкім чынам трапляе на тэрыторыю так званай Ісламскай дзяржавы. Шлях вядомы, але гаварыць аб удзеле ў гэтым працэсе мы можам толькі тады, калі ў нас будуць нейкія факталагічныя звесткі. Мы іх збіраем”, – сказаў Шуневіч.

Кіраўнік МУС дадаў, што для яго нават „адзін чалавек гэта шмат, калі ён вырашыў стаць баевіком”. „Бо ён у любы момант можа вярнуцца назад з баявым вопытам і зброяй”, – патлумачыў Шуневіч.

belapan.by