МУС пацвердзіла, што баец „Тэрор-Машына” затрыманы



У Віцебску затрыманы 20-гадовы мясцовы жыхар, які падазраецца ва ўчыненні злоснага хуліганства ў дачыненні да малалетніх, а таксама ва ўдзеле ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёна „Азоў” з 2014 па 2016 год.

Як паведаміла прэс-служба МУС Беларусі, малады чалавек быў затрыманы супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) пры падтрымцы байцоў АМАП. Паведамляецца таксама, што ў кастрычніку 2013 года затрыманы разам з футбольнымі фанатамі пад пагрозай насілля прымусіў двух 13-гадовых падлеткаў адрачыся ад антыфашысцкага руху і прадэманстраваць нацысцкае прывітанне. Увесь працэс быў зняты на відэакамеру і выкладзены ў інтэрнэт.

Упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці ў дачыненні да затрыманага распачата крымінальная справа па арт. 339 КК Беларусі (хуліганства), ён знаходзіцца пад вартай. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Прызначаны экспертызы надпісаў і малюнкаў фашысцкай накіраванасці, размешчаных на целе падследнага ў выглядзе татуіровак. Вынікі даследаванняў будуць пакладзены ў аснову прававой ацэнкі дзеянняў, якія падпадаюць пад арт. 130 КК Беларусі (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці альбо розні), паведамляе прэс-служба МУС.

Паводле аператыўных даных ГУБАЗіК, у Віцебску падазраваны ўзначальваў нефармальны маладзёжны фанацкі рух неанацысцкай накіраванасці, які прапагандуе ўльтраправыя ідэі фашызму. „На грудзях у яго ёсць татуіроўкі: злева — абрэвіятура „88”, якая азначае „Хайль Гітлер”, справа — герб асобага батальёна СС „Дырлевангер”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што затрыманы браў удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ў складзе батальёна „Азоў”, сведчыць канфіскаваная ў яго адпаведная ваенная форма і два медалі „За доблесную службу” і „За мужнасць”, адзначае прэс-служба МУС. Як мяркуецца, узнагароды беларус атрымаў за баі пад Ілавайскам і ў пасёлку Шырокіна. „Таксама вядома, што віцяблянін ваяваў у якасці кулямётчыка і быў двойчы паранены. Не выключаецца яго ўдзел у марадзёрстве і прымяненні насілля да мірнага насельніцтва”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Факт наёмніцтва беларуса правяраюць праваахоўныя органы, праводзячы неабходныя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.

sm_full

 

sm_full (2) sm_full (1)

belapan.by