МЗС: Грамадзян Беларусі на борце самалёта „Боінг-737-800″ не было



На борце „Боінга-737-800″ авіякампаніі Fly Dubai, які разбіўся гэтай ноччу ў аэрапорце Растова-на-Доне, грамадзян Беларусі не было, паведамляе беларускае Міністэрства замежных спраў на сваёй старонцы ў „Твітэры”.

„Паводле атрыманай пасольствам у ААЭ інфармацыі авіякампаніі Fly Dubai, грамадзян Беларусі на борце самалёта, які разбіўся пад Растовам, не было”, — гаворыцца ў паведамленні.

Самалёт ляцеў з Аб`яднаных Арабскіх Эміратаў. Катастрофа адбылася ў 3 гадзіны 40 хвілін. З-за дрэннага надвор`я з першай спробы прызямліцца не ўдалося. Доўгі час — паводле некаторых дадзеных, каля дзвюх гадзін — самалёт кружыў над аэрапортам. Пры новым заходзе на пасадку „Боінг” упаў і загарэўся. Усе, хто былі на борце, загінулі. Гэта 62 чалавекі: 55 пасажыраў і 7 членаў экіпажа, які быў інтэрнацыянальным.

Авіякампанія ўдакладніла грамадзянства пасажыраў лайнера: 44 расіяніны, 8 украінцаў, 2 грамадзяніна Індыі, 1 — Узбекістана, гаворыцца ў заяве Fly Dubai.

Лаўкосцер Fly Dubai з`явіўся на сусветным рынку пасажырскіх перавозак адносна нядаўна, у 2009 годзе. Галоўны хаб авіякампаніі знаходзіцца ў міжнародным аэрапорце Дубай. Маршрутная сетка гэтай арабскай авіякампаніі ўключае каля 80 кірункаў. Асаблівая ўвага нададзена краінам СНД, бо менавіта адтуль прыходзіць істотны паток турыстаў практычна круглы год.

Як паведамляў БелаПАН, авіякампанія „Белавія” спадзяецца на прыход гэтага нізкабюджэтнага перавозчыка ў Беларусь. „Мы былі ў офісе Fly Dubai, сустракаліся з яе прэзідэнтам, яе камерцыйным дырэктарам і запрашалі пачаць палёты ў Беларусі. Яны разглядаюць такую магчымасць. Пакуль канчатковага рашэння з іх боку няма, але мы спадзяемся”, — паведаміў намеснік генеральнага дырэктара па маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ „Авіякампанія” Белавія” Ігар Чаргінец на сустрэчы з журналістамі 3 сакавіка.

Зацікаўленасць „Белавія” ў гэтым праекце заключаецца ў падвозе пасажыраў з іншых месцаў да рэйсаў Fly Dubai ў Мінску. Як адзначыў Чаргінец, у планаваным супрацоўніцтве з эмірацкім лаўкост-перавозчыкам ў „Белавія” „якраз знайшлі мадэль камерцыйнага ўзаемадзеяння”.

Пра магчымасць палётаў у Мінск Fly Dubai згадваў і гендырэктар „Белавія” Анатоль Гусараў 17 сакавіка на пасяджэнні калегіі дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму. „Хутчэй за ўсё, яны паляцяць, хоць сёння эканоміка не вельмі да гэтага схіляецца”, — адзначыў Гусараў.

belapan.by