На Аўгустоўскім канале прайшоў польска-беларускі турыстычны форум



На Аўгустоўскім канале адбыўся другі польска-беларускі турыстычны форум. Мерапрыемства прайшло у межах свята “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”.

kanal3

Прадстаўнікі турыстычных фірмаў  Польшчы і Беларусі супольна з чынавенствам  абмеркавалі перспектывы развіцця Аўгустоўскага канала і яго папулярызацыі сярод заходніх турыстаў. Дасягнута дамоўленасць аб тым, што будзе стварацца супольны польска-беларускі турыстычны брэнд “Аўгустоўскі канал”.

kanal1

Прадстаўнікі польскіх турыстычных агенцтваў у справе папулярызацыі канала на турыстычным рынку краіны разлічваюць перадусім на кароткачасовае скасаванне візавага рэжыма, – зазначае прадстаўнік турыстычнай агенцы “Шот” з Аўгустова Дарэк Зызало:

– Мы дамо інфармацыю на нашых інтэрнэтстаронках ці ў каталогах, што просім прыязджаць у Аўгустоў і мець з сабой пашпарт. І гэтага будзе дастаткова, каб знаходзіцца цягам трох сутак без візы на тэрыторыі Аўгустоўскага канала. Дзякуючы гэтаму прыедзе больш людзей, а больш турыстаў – больш грошай.  

Беларускі бок гарантуе, што ў бліжэйшы час будуць ратыфікаваныя дакументы па змяненні статуса пункта пропуска “Лясная – Рудаўка”. Беларуска – польскую мяжу ў гэтым месцы можна будзе перасякаць на ровары, байдарках ці пехатой і да трох сутак без візы знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ў ваколіцах Аўгустоўскага канала.

 

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня