На беларуска-польскай мяжы затрымалі 800 кг псіхатропаў



На беларуска-польскай мяжы затрымалі 800 кг псіхатропнага рэчыва, паведамляе grodnonews.by.

Гарадзенскія мытнікі ў пункце пропуску «Брузгі-2» канфіскавалі буйную партыю наркатычнага анальгетыка «трамадол».  Як паведамілі ў Гарадзенскай рэгіянальнай мытні, гэты моцнадзейны псіхатропны прэпарат абмежаваны да перамяшчэння на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Яго спрабавалі завезці ў Беларусь па несапраўдных дазвольных дакументах. Тавар, папярэдне ацэнены ў 3,2 мільярды рублёў, канфіскаваны. Супрацоўнікамі мытні праводзіцца праверка.