На Берасцейшчыне канфіскавана больш за 15 тон алкаголю



У Берасцейскай вобласці з пачатку бягучага года канфіскавана больш за 15 тон фальсіфікаваных спіртных напояў, у тым ліку звыш 3 тон спірту і спіртазмяшчальнай вадкасці, больш за 12 тон самагоннай брагі і самагону. Пра гэта паведаміў БелаПАН начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Берасцейскага аблвыканкама Генадзь Вайтовіч.

Паводле яго слоў, за гэты перыяд часу ў рэгіёне за незаконны абарот алкаголю і яго сурагатаў да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 296 чалавек.

Зараз міліцыя праводзіць праверку па факце канфіскацыі ў непрацуючага жыхара Берасця буйной партыі спіртазмяшчальнай вадкасці.

1 сакавіка супрацоўнікі праваахоўных органаў недалёка ад Бярозы спынілі „Аўдзі 100”, якім кіраваў гэты грамадзянін. Ён на прычэп-лафеце перавозіў няспраўны „Мэрседэс Е200”. У гэтых аўтамабілях выяўлена 153 пластыкавыя каністры, у якіх знаходзілася 765 літраў спіртазмяшчальнай вадкасці. Дакументаў на тавар у мужчыны не было. Гэтая вадкасць коштам 4.340 рублёў канфіскаваная.

Берасцейцу пагражае штраф да 100 базавых велічынь з канфіскацыяй тавару.

Як зазначыў Вайтовіч, за аналагічны перыяд 2016 года ў вобласці было канфіскавана больш за 10 тон фальсіфікаваных спіртных напояў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 428 чалавек.