На Берасцейшчыне пачалася пасяўная



З прыходам нечаканага цяпла на Берасцейшчыне пачалася пасяўная. Людзі заспяшаліся на палі. У бліжэйшых ад Бярозы вёсках — Галавіцкія і Стрыгінь — вяскоўцы пачынаюць займацца вясновымі работамі. Гэта тычыцца як прыватных гаспадарак, так і калгасаў, кажуць жыхары вёскі Стрыгінь:

— Пасадзіла бульбу. Бо высокае поле і каб вільгаць трымалася.

— Бульбу пачалі садзіць і людзі і калгас.

РР: Ці калгас дапамагае садзіць бульбу?

— Так. Абслугоўваюць прыватнікі ў нас. Культывуе калгас, паша калгас — дапамагаюць. Цэны умераныя: за пахату, культывацыю і пасадку мільён. Гэта нядорага. Салярка ж дарагая.

— Усе ж ужо пенсіянеры сілы няма і цяпер мала хто ўручную садзіць.

Некалі вялікая прыгарадная вёска Стрыгінь, дзе пражываюць цяпер каля 600 чалавек,  цяпер зноў набыла папулярнасць. Вяртаюцца ў бацькоўскія хаты былы жыхары, а дзецям пакідаюць гарадскія кватэры. Стрыгінь стала прывабнай і для маладых. Яны будуюць тут хаты, працуючы ў Бярозе.

Беларускае Радыё Рацыя