На Дзятлаўшчыне ўпарадкавалі магілу паэта



На могілках вёскі Зачэпічы Дзятлаўскага раёна знаходзяцца дзве магілы заходнебеларускіх паэтаў Петруся Граніта (Івана Івашэвіча, 1909-1980) і Герасіма Праменя (Івана Пышко, 1908-1964). Калі магілу Петруся Граніта сяды-тады даглядаюць унукі, якія жывуць на Дзятлаўшчыне, то за магілай Герасіма Праменя глядзець даўно няма каму.

Няпярэдадні Радаўніцы грамадскі актывіст з Дзятлава, сын заснавальніка Дзятлаўскага краязнаўчага музея Міхася Петрыкевіча Валерый Петрыкевіч разам з сябрамі Таварыства беларускай мовы з Дзятлава, Наваельні, Слоніма, а таксама з вучнямі Жукоўшчынскай базавай школы Дзятлаўскага раёна, супрацоўніцамі Жукоўшчынскай сельскай бібліятэкі і Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, арганізавалі паездку ў вёску Зачэпічы, у тую вёску, якую некалі Уладзімір Калеснік назваў “гняздом паэтаў”, бо адсюль быў родам і паэт Васіль Струмень (Аляксандр Лебедзеў, 1914-1992), які памёр на Украіне. На могілках ледзьве адшукалі магілы паэтаў Граніта і Праменя. Калі магіла Граніта знаходзілася ў больш-менш прыстойным выглядзе, то магіла Праменя (Івана Пышко), яго жонкі Кацярыны і сына, выглядалі даволі непрыстойна і, бачна было, што іх ніхто не ўпарадкаваў шмат гадоў.

Некалькі гадзін працавалі грамадскія актывісты. Яны ачысцілі магілы ад розных карэнняў, дзірвану, каменняў, травы, аднавілі тэкст на помніках, пафарбавалі агароджу. Дарэчы, помнік на магіле Герасіма Праменя быў пастаўлены дзесьці ў 1965 годзе. Яго вырабіў нейкі мясцовы майстра і сам рукой на помніку напісаў тэкст з памылкамі. Магчыма пісаў так, як гутарылі мясцовыя людзі: “Пышко Иван Иванович, прожыл 56 лет, умер 5 июня 1964 г. Память от жены й детей”.

Падчас працы да грамадскіх актывістаў падыходзілі мясцовыя людзі і шчыра дзякавалі за добрую справу. Падышла і Алена Фёдараўна Цішук, хата якой знаходзіцца побач з могілкамі. З вакна кухні яе хаты відаць магілы вяскоўцаў. Жанчына падзякавала ўсім і сказала, што жонка паэта Праменя Кацярына была яе хроснай маці. Сам паэт ёй часта казаў: “Не шкадуй грошай: купі хрэсніцы хустачку, купі сарочку. І яна купляла, слухала мужа”.

Пасля ўсёй працы Сяргей Чыгрын са Слоніма распавёў пра творчы шлях зачэпіцкіх паэтаў, у прыватнасці і паэта Герасіма Праменя, які актыўна некалі друкаваў свае вершы ў выданнях 1930-х гадоў: “Родны край”,”Наша воля”, “Шлях моладзі”. А Валерый Петрыкевіч падзякаваў усіх за тое, што адгукнуліся на яго просьбу і зрабілі добрую справу.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Дзятлаўскі раён

Фота аўтара