На Гарадзейскім камбінаце начальнік вытворчасці ўпаў у кіпень



На Гарадзейскім цукровым камбінаце здарыўся няшчасны выпадак. Адміністрацыя завода інцыдэнт не каментуе. «Пішыце афіцыйны запыт, для прэсы казаць нічога не буду», — паведаміла Кацярына Няклюй – намесніца дырэктара па сацыяльных пытаннях.

Па інфармацыі «Нашай нівы», мужчына — 50-гадовы начальнік вытворчасці, які палез высвятляць, якая паломка здарылася. У ёмістасці, куды ўпаў мужчына, кіпеў бураковы сок.

Адбылося гэта 24 лістапада каля 22.00. Мужчыну забрала хуткая, спачатку яго адвезлі ў мясцовую бальніцу, а на наступны дзень перавялі ў Менск, у Рэспубліканскі апёкавы цэнтр. Мужчына жывы, знаходзіцца ў рэанімацыі. Па неафіцыйнай інфармацыі, ён атрымаў сур’ёзныя апёкі, каля 90% цела.

Фота str3.by