На Гарадзеншчыне пераважаюць праўладныя грамадскія аб’яднанні



Па колькасці грамадскіх арганізацый Гарадзеншчына больш чым у 10 разоў саступае суседняму Падляшскаму ваяводству. Як вынікае з праекта Стратэгіі ўстойлівага развіцця Гарадзенскай вобласці на 2016-2025 гады, у рэгіёне зарэгістравана 400 няўрадавых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў. „Найбольш істотныя праблемы з рэгістрацыяй маюць апазіцыйныя партыі ды арганізацыі,” – адзначае палітолаг Юры Чавусаў:

– Ніякай лібералізацыі ў сферы памяншэння вось гэтага рэгістрацыйнага бар’ера зараз не адбываецца, наадварот, мы можам ужо казаць, што ўступаем у перыяд больш жорсткай атмасферы, калі ўлады больш пільна ставяцца да гэтых новых ініцыятываў і хутчэй скіраваны на тое, каб непадкантрольныя ўладам грамадскія асяродкі не легалізоўвалі сваю дзейнасць у выглядзе грамадскіх аб’яднанняў.

На працягу апошніх дзесяці гадоў на Гарадзеншчыне дзяржаўную рэгістрацыю атрымалі не больш пяці няўрадавых арганізацый. Грамадскі сектар пераважна прадстаўлены праўладнымі аб’яднаннямі, а таму Трэці сектар мала ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці рэгіёну.

Беларускае Радыё Рацыя