Больш за дзве тысячы дазволаў на часовае пражыванне



Амаль 5 тысяч уцекачоў з Украіны зарэгістравана на працягу мінулага і першай чвэрці гэтага году ва ўпраўленні па грамадзянству і міграцыі ўпраўлення ўнутраных спраў Гарадзенскага абласнога выканкаму. Большая частка ўкраінцаў шукае месца сталага пражывання ў Гародні і раённых цэнтрах, аднак мясцовыя ўлады накіроўваюць мігрантаў пераважна ў сельскую мясцовасць. Як зазначае сакратар ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыя Рыжыкава, нягледзячы на складанасці, украінцы па-ранейшаму масава едуць на Гарадзеншчыну:

– Не скажу, што плыня паменшылася, плыня ўцекачоў працягваецца, дакладней вымушаных перасяленцаў, бо статус “уцекача” атрымаць складана, бо на тэрыторыі Украіны не абвешчаны ваенны стан.

Не выключана, што з часам на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці за сродкі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый пабудуюць пункт часовага пражывання мігрантаў. З пачатку баявых дзеянняў на ўсходзе Украіны гарадзенскія ўлады выдалі больш за дзве тысячы дазволаў на часовае знаходжанне для грамадзян суседняй краіны.

Беларускае Радыё Рацыя