На гарадзенскай вуліцы Солы нарэшце з’явіцца вадаправод



На вуліцы Солы ў Гародні калонкі вадаправоду ўсталёўвацца не будуць. На адмысловым сходзе жыхароў вуліцы, які арганізавалі прадстаўнікі Вадаканалу, прагучалі словы нязгоды з праектаваннем калонак. Выслухаўшы меркаванні жыхароў вуліцы, камунальнікі паабяцалі вывучыць прапанову і правесці вадаправод у хаты.

– Мы супраць калонак, а яны гавораць: праект ёсць, значыць будзе так, як намалявана ў паперах. Большасць людзей на нашай вуліцы за тое, каб правялі ваду дадому. Пра каналізацыю сёння мы нічога не гаварылі.

– Праектам прадугледжаны калонкі. Людзі сказалі, што няма сэнсу. Кожны будзе праводзіць сабе дамоў. Мы дамагліся. Мы рады. Мы нават згодныя, каб дарогу раскапвалі. Мы патрываем. Усе рады.

На вуліцы Солы – 36 дамоў, дзе пражывае 60 чалавек. Па цяперашнім часе з камунальных заваёваў 21-га стагоддзя ёсць толькі электрычнасць і тэлефонны кабель. Халоднай, а тым больш гарачай вады – няма. Грамадскія актывісты Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі разам з жыхарамі плануюць сустрэцца з гарадзенскімі ўладамі, каб прапанаваць ім не толькі правесці вадаправод, але і ўсталяваць каналізацыю.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя