На Шаркоўшчыне ў небяспецы аказаўся музей Івана Сікоры



Грамадства Шаркоўшчынскага раёна і сацыяльныя сеткі ўскалыхнула вестка пра тое, што ўжо традыцыйнае і вядомае ў краіне і па-за яе межамі свята “Светлы яблычны спас – сікораўскай душы часціца” ў гэтым годзе можа не адбыцца з-за ананімных лістоў. Іх быццам бы напісалі ў Адміністрацыю Лукашэнкі, Міністэрства культуры і  КДБ жыхары вёскі Алашкі, што ў Шаркоўшчынскім раёне,  дзе праходзіць гэтае свята. У іх гаворыцца пра тое, што вядомы селекцыянер Іван Сікора не заслугоўвае такой павагі, музейныя супрацоўнікі нічога не робяць на карысць развіцця музея. А свята ўвогуле трэба забараніць, бо людзі прыязджаюць туды, каб толькі ўжыць алкагольныя напоі.

У дадзенай сітуацыі разбіраліся ўлады Шаркоўшчыны, таксама была задзейнічана і міліцыя. Паводле жыхароў вёскі Алашкі, гэта быў вельмі недарэчны і непрыемны інцыдэнт.

Соф’я Віктараўна Сікора:

– Мы да гэтага пісання не маем ніякага дачынення. Я не бачыла гэтага ліста. Я была на сходзе, калі мы разбіралі першы ліст. Ніхто да таго ліста не меў дачынення. А тут аказваецца, што яшчэ і другі ліст ёсць. Мы нічога пра яго не ведаем. Там подпісы падробленыя…

Віктар Мурашкін:

– Гэта, канешне, усё хлусня. Мы жывём побач з музеем і бачым, як праходзяць гэтыя святы ні адзін год. Тут ніколі не было ні п’янак, ні боек. Тут прысутнічае кіраўніцтва, міліцыя сочыць за ўсім. Мы рады, што ў Алашках ёсць музей Івана Сікоры. Ён у добрым парадку: тут косяць, рассаджваюць маладыя саджанцы розных гатункаў. І тое, што кажуць, нібыта за ім не даглядаюць, – гэта хлусня.

Галіна Іванаўна Сікора:

– Гэтае свята для нас – нешта незвычайнае. Мы ўвесь год чакаем яго, дапамагаем, чым можам, каб усё праходзіла на самым высокім узроўні. З болем у сэрцы мы ўсё гэта перажываем. Ніхто з аднавяскоўцаў ніколі гэтага ліста не пісаў і не падпісваў яго. Гэта злачынства.

Па словах усіх мясцовых жыхароў і нават дачнікаў, яны вельмі абражаны ананімнымі лістамі, якія пісаліся ад іх імя. Жыхары Алашак  спадзяюцца на тое, што “ананіма” праваахоўныя органы ўсё ж знойдуць і ён панясе адпаведнае пакаранне за свой нядобры ўчынак.

А свята “Светлы яблычны спас – сікораўскай душы часціца” ў Алашках, як паведамілі супрацоўнікі музея,  усё ж адбудзецца 20 жніўня, нягледзячы на гэты непрыемны інцыдэнт.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  аўтаркі