На Глыбоччыне ўшанавалі памяць Язэпа Драздовіча



128-ую гадавіну з Дня нараджэння славутага земляка, мастака, этнографа, скульптара Язэпа Драздовіча адзначылі на Глыбоччыне. Грамадскія актывісты Глыбоччыны, Шаркоўшчыны, менскія мастакі і журналісты наведалі магілу вядомага беларуса ў вёсцы Ліпляні і ўсклалі кветкі, а потым накіраваліся на месца былой сядзібы Драздовічаў у вёску Пунькі.

Сёння пра вёску Пунькі нагадвае толькі крыж на скрыжаванні дарог у лесе. А былая сядзіба мастака засаджана дрэвамі і зарасла хмызняком. Але мастак Мікола Купава не губляе надзеі “дастукацца” да ўладаў і з дапамогай іх аднавіць былую сядзібу мастака, нягледзячы на адмову ў падтрымцы Глыбоцкага райвыканкама.

Шмат што цяпер будзе залежыць ад грамадскасці. Калі мы, атрымаўшы гэтае «не», паслухаем і будзем бяздзейнічаць, то так і будзе. Міністэрства падтрымала маю ідэю, значыць трэба дзейнічаць, пачынаць нешта рабіць. Па-іншаму быць не можа, каб мясціна славутага дзеяча Беларусі была так занядбаная, што там цяпер джунглі, не прайсці, ногі зламаць можна. Час пакажа. Я думаю, што ў кожным выпадку мы пераможам. Бо адмаўляцца ад рэканструкцыі гэтай сядзібы нельга. Гэта ж не замак нейкі зрабіць. Сядзібу аднавіць лёгка, і сродкі невялікія патрэбны. А потым будуць ісці дывідэнты – гэта ж зразумелая рэч. Таму я проста не разумею пазіцыі кіраўніцтва Глыбоцкага раёна.

Напрыканцы імпрэзы прысутныя наведалі сядзібу Мар’яна Місевіча ў вёсцы Перадолы. Гэтую вёску вельмі часта ўзгадваў у сваіх успамінах Драздовіч. Там яны абмеркавалі далейшыя планы па ўпарадкаванні родных мясцінаў Язэпа Драздовіча, падзяліліся ўспамінамі і ведамі пра мастака і яго родных.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае

Фота аўтаркі