У Гомелі ўшанавалі Міхася Жызнеўскага



Дэмакратычныя актывісты ўсклалі кветкі і вянкі да помніка герою Нябеснай сотні Міхасю Жызнеўскаму. Нягледзячы на мароз, на могілках ля вёскі Сцяг Працы сабраліся людзі, якія шануюць памяць забітага на барыкадах Еўрамайдана беларуса.

Рэжысёр Вольга Нікалайчык адзначае змяненне стаўлення да Міхася Жызнеўскага ў беларускім грамадстве:

– Да Жызнеўскага не ставяцца ўжо як да нейкага чалавека, які з нейкай бандаў звязаўся, рабіў пераварот. Рэальна ставяцца ўжо як да героя, таму што прэзідэнт Украіны Парашэнка ўскладае кветкі з жонкай да месца, дзе яго забілі. Яго вельмі шануе ўкраінскі народ і нашыя людзі таксама цяпер ужо па-іншаму да гэтага ставяцца, пераломны момант ужо адбыўся.

WP_20160122_005

Грамадскі лідар Уладзімір Кацора мяркуе, што належнае ўганараванне Міхася Жызнеўскага прыйдзе толькі са зменай улады ў Беларусі.

– На жаль, нас не так багата ў такія дні. Але з кожным годам усё ж такі нас усё болей. Я ўпэўнены, што не так далёка той час, калі Міхась атрымае ад новай беларускай улады тыя шанаванні, якія ён павінен атрымаць. І для нас Міхась – герой. Герой Беларусі. Герой Украіны.

Міхаіл Пятровіч Жызнеўскі дагэтуль не можа змірыцца са стратай сына.

– Вельмі цяжка пра гэта думаць, але нікуды ад гэтага не дзенешся. Нам дагэтуль не верыцца, што нашага сына забілі на Майдане. Радуе толькі адно, што беларуская моладзь будзе бараніць сваю свабоду.

WP_20160122_013

Маці Міхаіла Жызнеўскага Ніна Васільеўна ўдзячная прэзідэнту Украіны Пятру Парашэнку за ўскладанне кветак да магілы сына, але чакае больш рашучых крокаў:

-Кветкі ўсклалі. Для мяне гэта прыемная навіна, я радая, што Парашэнка не забыў майго сына. Але я хачу, каб ён афіцыйна прызнаў Міхаіла Героем Украіны. Тады памяняецца статус майго сына. І гэта трэба для ягонай сястры Наталлі, перастануць яе трэціраваць, казаць, што яе брат “бандыт”, “нацыст”, што ён на Майдане расстрэльваў людзей.

Беларускага актывіста Еўрамайдана Міхася Жызнеўскага забілі стрэлам у сэрца на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве 22 студзеня 2014 года. Забойцу беларуса так і не выявілі.

Беларускае Радыё Рацыя