На Гомельшчыне забараняюць пікеты апазіцыі



Добрушскі раённы суд падтрымаў забарону на пікет за незалежнасць. Дэмакратычная актывістка Наталля Шчукіна не змагла аспрэчыць забарону на правядзенне патрыятычнай акцыі ў судовым парадку. Суд палічыў слушнай пазіцыю райвыканкама, з якой вынікала, што адмова ў дазволе на правядзенне масавай акцыі абумоўленая адсутнасцю дамоваў з камунальнымі службамі, міліцыяй і медыкамі. Наталля Шчукіна падкрэслівае, што ў выпадку з апазіцыйнымі акцыямі наяўнасць такіх дамоваў зусім не гарантуе дазволу на масавае мерапрыемства.

– Цягам апошніх 10 год гэта адбываецца пастаянна. Якое б мерапрыемства мы не заяўлялі – вынік адзін і той жа. Тры  гады таму Сякерка заявіў мітынг на 1 Мая. Ён быў дазволены, былі складзеныя ўсе дамовы, аплачаныя ўсе паслугі, і ў апошні дзень падышлі АМАПаўцы і сказалі, што мітынг забаронены.

Гомельскія дэмакратычныя сілы падавалі заяўкі на правядзенне пікетаў у падтрымку незалежнасці і суверэнітэта Рэспублікі Беларусь у 15 райвыканкамаў Гомельшчыны. Ніводзін з выканкамаў не падтрымаў ініцыятыву апазіцыянераў. У звязку з відавочным парушэннем права на свабоду мірных сходах заяўнікі намераныя дайсці са скаргамі да Камітэта ААН па правах чалавека.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота gomelspring.org