У Воршы ўшанавалі ахвяраў камуністычнага рэжыму



7-лістапада на месцы масавых расстрэлаў, Кабыляцкай гары ў Воршы, ўшанавалі ахвяраў камуністычнага рэжыму. Удзельнікі мітынгу-рэквіем гаварылі пра небяспеку вяртання тых часоў, калі злачынствы супраць асобы былі часткай штодзённасці.

“Калі забыць пра рэпрэсіі і злачынствы таталітарызму, яны зноў могуць стаць рэальнасцю нашага жыцця”,- адзначыў у выступе Ігар Казмерчак, адзін з каардынатароў грамадскай ініцыятывы “Мы аршанцы, мы беларусы”.

https://www.youtube.com/watch?v=2nUrzi5gF-Y&feature=youtu.be

Кабыляцкая гара-месца масавых расстрэлаў. У верасні 1982, калі ў лесе на поўдзень ад вёскі Андрэеўшчына (Кабыляцкая гара) пад Воршай пры будаўніцве была знойдзена яма з целамі расстраляных.

Вось гэты ўнікальны дакумент, які захоўваецца ў даследчыка з Воршы Юрыя Копціка: 20 верасня 1982 “Комиссия из представителей советских и административных органов” (пракурор, судовы эксперт, прадстаўнік ваенкаманта, міліцыя) правяла агляд парэшткаў, знойдзеных пры будаўніцве чыгуначнага адгалінавання Орша-Паўночная. Пасля апытання мясцовых жыхароў і правядзення эксгумацыі, камісія выключае магчымасць таго, што гэтыя людзі былі расстраляныя падчас нямецкай акупацыі: “Как правило немцы проводили расстрелы открыто, а не в глухих местах, из автоматов без повреждения костей головы (…) Осмотром на месте обнаруженных местными жителями останков людей установлено, что захоронение произведено в 1937-1939 г.г. в глухом лесном массиве (…) все пятьдесят черепов имеют пулевое отверстие в лобной части”.

У 90-ыя гады на Кабыляцкай гары ўсталяваны памятны знак – вялізны камень з чырвонага дняпроўскага граніта

На сённяшні дзень у Воршы актуальная праблема – ўшанаванне месца расстрэлаў па Магілёўскай шашы.

Ворша – буйны чыгуначны вузел, тут спыняліся цягнікі, якія везлі рэпрасаваных і з Усходу і з Захаду.

Паліна Сцепаненка,Беларускае Радыё Рацыя