На Палессі паменела буслоў



2015-ты год выдаўся складаным для арнітолагаў. У сувязі з рэзкімі кліматычнымі зменамі скарацілася папуляцыя шэрагу птушак, у лік якіх трапілі сімвалічныя для Палесся буслы.

Cigogne blanche

Ад траціны да паловы папуляцыі было страчана – прычынай стала зіма без снегу, абмялелыя рэкі, замаразкі на пачатку вясны і засушлівае лета.

„Улік птушак у чэрвені і ліпені ладзіцца ва ўсіх еўрапейскіх краінах, і Беларусь – не выключэнне”, – адзначыў старшыня Берасцейскага аддзялення „Аховы птушак Бацькаўшчыны” Андрэй Абрамчук:

– Вынікі вось гэтага ўліку гэтага года кажуць, што адныя з найгоршых увогуле за перыяд назіранняў, якія ў нас прынамсі гадоў 40 напэўна, калі праводзіцца актыўнае назіранне за белым буслом у Беларусі. Звязана гэта з неспрыяльнымі пагоднымі ўмовамі. Другі фактычна год у нас вельмі сухі год, узімку снегу практычна не было, вясной адпаведна не было паводак і лета таксама сухое з высокімі тэмпературамі адпаведна. Бусел дастаткова моцна залежыць ад вільгаці, чым больш вільгаці, тым больш харчавання адпаведна для яго.  

У гэтым годзе ў Беларусі ўдалося акальцаваць 235 буслоў. У адзіную схему кальцавання птушак аб’яднаныя Беларусь, Літва, Польшча ды Украіна.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце