На „Полацк-Шкловалакне” перашкаджаюць працы Свабоднага прафсаюза



Прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” можа быць пакарана судом за тое, што перашкаджае працы завадской арганізацыі Свабоднага прафсаюза. Прычынай стала невыкананне адміністрацыяй рашэння суда, якое забавязала кіраўніцтва прадпрыемства пускаць старшыню прафсаюзнай суполкі Віктара Стукава на завадскую тэрыторыю для працы з сябрамі прафсаюза.

Пачата адміністрацыйная справа супраць ААТ “Полацк-Шкловалакно” за тое, што не пускаюць мяне на завод, не выконваючы тым самым рашэння суда. Сёння бегаў па судах, выканаўцах. Не было  ў нас такога, каб да адміністрацыйнага пакарання прыцягвалі юрыдычную асобу за супрацьдзеянне прафсаюзу. На маёй памяці – гэта першы раз.

Летась з Віктарам Стукам не быў падоўжаны працоўны кантракт. Але ён застаўся кіраўніком завадской арганізацыі Свабоднага прафсаюза. Пасля ціску на прафсаюзных актывістаў, сябры арганізацыі не плацяць прафсаюзныя складкі праз завадскую бухгалтэрыю, чым скарысталася адміністрацыя “Полацк-Шкловалакна”, заявіўшы, што Свабоднага прафсаюза ў іх цяпер няма. Але Віктар Стукаў перад судовымі выканаўцамі даказаў адваротнае, што стала прычынай пачатку супраць прадпрыемства адміністрацыйнай справы.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя, Полацак

Фота  spbpolack.ru