Затрыманых „маладафронтаўцаў” вызвалілі (абноўлена)



Змітра Дашкевіча і Сяргея Пальчэўскага, якіх раніцай 24 верасня затрымала міліцыя, адпусцілі без складання пратаколаў.

24 верасня ў Менску праходзіў збор подпісаў за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Акцыю ладзяць актывісты “Маладога фронту” і аргкамітэта партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Мерапрыемства праходзіла, нягледзячы на затрыманне арганізатараў. Збор подпісаў будзе працягвацца цягам месяца. Актывісты маюць намер перадаць іх гарадскім уладам.

* * *

Акцыя па зборы подпісаў за бел-чырвона-белы сцяг праходзіць, нягледзячы на затрыманне арганізатараў. У акцыі ўзялі ўдзел: паэт і палітык Уладзімір Някляеў, мастак Алесь Марачкін, пісьменнік Уладзімір Арлоў ды іншыя асобы.

„Малады Фронт” планаваў правесці пікет у цэнтры Менска і  збіраць подпісы пад зваротам у Міністэрства культуры за наданне бел-чырвона-беламу сцягу статуса нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Яшчэ перад акцыяй былі затрыманыя лідар арганізацыі Зміцер Дашкевіч, і актывіст – Сяргей Пальчэўскі. Іх месцазнаходжанне – невядомае.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота „Наша ніва”